Генадзь Бураўкін. Неапошняе інтэрв’ю

Генадзь Мікалаевіч, што для Вас паэзія? Калі Вы разумееце, што прачытаны верш — паэзія ці наадварот?

Ну, у маім канкрэтным выпадку гэта адбываецца тады, калі тое, што я чытаю ў вершы, закранае нешта вельмі глыбокае і вельмі дарагое ўва мне. А што такое верш, я для сябе вызначыў так: гэта зафіксаванае ў слове імгненне чалавечага пачуцця. Пры тым не памятаю хто з классікаў, але сказаў, што паэзія гэта найкарацейшая дарога ад аднаго чалавека да другога ў вельмі інтымным пачуцці. Я сапраўды так лічу, для мяне паэзія, скажам так, галаўная, разумная, інтэлектуальная паэзія яна вельмі цікавая, вельмі дарагая. Але ў мяне паэзія тая, якая ідзе больш за ўсе, перш за ўсе ад эмоцыі,  ад сэрца. Калі яна ідзе ад сэрца і праходзіць праз галаву, то вельмі выдатна, але калі сэрца няма, а ёсць толькі галава, то гэта не мая паэзія, хаця яна можа быць выдатнай і нават геніяльнай. Для мяне паэзія гэта перш за ўсё эмоцыя. І яшчэ я некалі вызначыў так, што паэзія павінна расшыфровываць людскія пачуцці для іншых, а не зашыфровываць. Цяпер ёсць такая паэзія, так званая мадэрновая, якая як раз любіць зашыфровываць, калі яе трэба чытаць, разгадваць як рэбус. Гэта не тая, якую я люблю, пагэтаму для мяне гэта такія класікі як Купала, Багдановіч, Куляшоў, Панчанка, такія расійскія класікі як Пушкін, Лермантаў, Есенін, з пазнейшых Твардоўскі, Мандэльштам, Ахматава, Цветаева. А гэта не значыць, паўтараю, што не можа быць ў некага і больш любімых паэтаў чым гэтыя, ды для мяне вось гэта ўзор.

 

Мусіць, пасля Бродскага пашла уся гэтая паэзія, якая незразумелая, бо там нічога, як мне здаецца няма ад душы, а ўсе сапраўды ад розуму…

Паэзія Бродскага, канешне, па майстэрству яна высачайшага, высокага узроўню, яна, канешне, вельмі цікавая, яна інтэлектуальная, але у мяне некалі для мяне самога нарадзілася вось такое вызначэнне бібліятэчная паэзія. То есць калі чалавек начытаўшыся ў бібліятэцы выдатных узораў паэзіі і уўрапейскай, і нават сусветнай, ўсе ў сябе увабраўшы, і пасля з сябе тое што ен адчувае, передае вершам. Гэта вельмі цікава, але для мяне цікавей тыя, якія ідуць не ад бібліятэкі, а якія ідуць ад жыцця, ад прыроды, ад асяродздзя, ад дрэў, ад птушак, ад паветра, ад неба.

 

Вось адразу калі вы кажаце так, я вас пазнаю і ў вашых вершах, бо там таксама вельмі шмат вершаў пра прыроду, пра дрэвы. Калі я чытаў вашу кнігу, я адчуваў, што яна сапраўды вялікая. Я чытаў яе, і ад першага верша да апошняга — вершы шэдэўры.

Ну, не трэба ўжо так…

 

Я так лічу. Я вельмі часта, калі чытаю верш, бачу, як ён зроблены, а калі чытаю вашы вершы — не бачу. І яшчэ я хацеў запытацца, як размяшчаць вершы ў кнізе? Бо калі я ад першага верша да апошняга вашу кнігу прачытаў, не зразумела, чаму гэты верш стаіць упачатку, гэты уканцы, чытаецца усе роўна, усе вельмі добра растаўлена.

Ну, гэта, канешне, вельмі нялегкая справа, таму што я таксама лічу, што кнігі паэтычныя павінны быць не проста зборамі вершаў, а кнігамі, то есць там павінна быць нейкая цэласнасць. Там павінна быць, ну, можа, нейкае унутранае развіцце, але не супраціўленне аднаго верша другому вершу. У маем разуменні такія павінны быць кнігі. Таму я лічу, што ўсе мае кнігі не зборнікі вершаў, а яны кнігі вершаў. А як гэта ўсе спланаваць, як гэта ўсе, як кажуць, раставіць, гэта сапраўды вельмі цяжкая справа, вельмі цяжкая праца. Чаму так атрымліваецца, не ведаю. Вось мне, калі я планаваў кніжку, хацелася вось так. Я прыкідваў, часам мяняў месцамі вершы, часам нешта наперад ставіў, нешта ставіў пазней. Таксама я стараўся пазбегчы таго, каб была аднастайнасць, бо ты чалавек з нейкім сваім характарам, і ў нейкіх сітуацыях ты гэта ты. І можа быць, ты сам таго не заўважаеш нешта ўжо тое, што ты ўжо некалі выказаў. Цалкам паўтора, бяспрэчна, быць не можа, але залішняя блізкасць, хацелася б, каб не заўважалася, пагэтаму дужа блізкія вершы трэба было неяк развесці. Ну, гэта, відаць, у кожнага творчага чалавека па-свойму адбываецца, ну вось так я сам гэта раблю. Некаторыя просяць ці то блізкіх людзей, ці то нейкіх там крытыкаў, рэдактараў рабіць гэту работу, я стараюся рабіць яе сам, хаця калі мне робяць увагі, я бяспрэчна, сур езна да іх стаўлюся.

 

А даводзілася выкідваць нейкія вершы?

Канешне, канешне. Даводзілася і калі гэтую кніжку складаў, канешне. Тое-сёе адсеялася, было выкінута. Чаму? Некаторыя вершы мне здаваліся слабейшымі за весь узровень кнігі, пагэтаму я іх проста адмятаў, а некаторыя як я ўжо казаў я адчуваў, што тут сябе ў нечым паўтараю, пагэтаму таксама не ставіў ў кнігу, вось.

 

У кнізе ёсць адзін верш, прысвечаны быўшаму калегу-літаратару. Хто гэта такі? Ці не Адам Глобус?

Не. На жаль, не скажу. Больш стары, чым Адам Глобус і, па-мойму, яшчэ горшы, чым Адам Глобус. Гэта ёсць такі. Ен, як кажуць, аблашчаны уладай, але не гэта галоўнае. Калі ён сябе пазнаў, на здароўе. Калі некаторыя яго пазналі, а мне гаварылі, што яго пазналі, таксама. Я не ставіў мэтай персанальна некага там паўшчуваць, пакрытыкаваць, я проста пісаў пра з яву, што, нажаль, у нашым часе есць такая з ява, калі былыя калегі становяцца ледзь не ворагамі, калі некаторыя людзі, не вартыя вялікай грамадскай ўвагі, прэтэндуюць на такую увагу. Ну што ж… І пры ўсім пры гэтым пачынаюць яшчэ таптаць сваіх былых калег, якім Бог даў болей, чым ім. Вось пагэтаму я хацеў перш за ўсе выказацца на гэту тэму, ну а хто быў падставай для гэтага, я гэта ведаю.

 

Як вы пішаце вершы? Адразу садзіцеся і запісваеце, ці можа есць нейкі радок, які вы не ведаеце як прадоўжыць, ці ходзіце — вам захацелася напісаць верш — вы садзіцеся, думаеце нешта?

Усякае бывае, ды часцей за ўсё я вынашваю, часта пішу даволі легка быццам бы, але я вынашваю доўга. І сапраўды ў мяне рэдка калі былі такія шчаслівыя выпадкі, калі нараджаўся адразу верш, у адзін прысест складваўся. А часцей бывае так, што ці то радок, ці то страфа, ці то думка паяўляецца, а потым прыходзіць такі час, калі садзішся, і гэта ўсе ў цябе складваецца.

 

Здаецца, вершаў з назвамі у вас нямнога. А калі вы вырашаеце, што вершу трэба даць назву?

Ну, гэта, можа, ідзе ад таго, што мне хацелася вось не столькі дакладна вызначыць тэму, задаўшы яе ужо назвай, колькі запрасіць чытача разам са мной адчуць тое, што ў гэтым вершы, даць нейкі прастор для удзелу і чытача ў тым, што мне дорага. Хаця, бясспрэчна, калі паставіць такую задачу, то я мог бы прыдумаць загаловак, але мне хочацца можа, вы заўважылі яшчэ адну асаблівасць я сам сябе часамі на гэтым лаўлю у мяне вельмі часта вершы заканчваюцца трохкроп ямі, шматкроп ямі. Тры кропкі. Не адна кропка, а тры. То есць мне хочацца, каб яшчэ нешта засталося па-за радкамі, каб яшчэ можна было падумаць, або хацелася б яшчэ нешта падумаць. Потым, відаць, гэта ідзе тое, што у мяне над вершамі тры зорачкі, а у канцы тры кропкі.

 

А як жа назвы кніг?

Ну, назвы кніг гэта цяжкая, вельмі цяжкая справа. Есць паэты, якія умеюць вельмі здорава даваць назвы кніг, а ёсць паэты, якім цяжка гэта даецца. Я з тых, каму гэта даецца цяжка. Ну вось мне здалося, што для такіх вершаў такога узросту, як я, такой танальнасці, у апошнія гады у мяне ідзе, што гэта ў нейкім сэнсе лісты, вось. Прытым лісты, якія я пасылаю вельмі па для мяне важнаму адрасу, але не спадзюючыся, не патрабуючы, каб абавязкова яны былі адразу ж атрыманы. Што мне вельмі б прыемна было б, каб мае лісты захацелі атрымаць. Ну вось тое ж самае я адношу да вершаў, таму і гэту кніжку назваў “Лісты да запатрабавання”. Ну, у рэшце рэшт, можа, гэта яшчэ і не ад таго пайшло, што ў мяне там верш ёсць, якім адкрываецца кніга, у якім пра гэта гаворыцца. І вось адсюль я і вынес на вокладку гэты загаловак, гэтыя словы.

 

Калі я чытаў гэтую кнігу, у мяне пастаянна было пачуцце, што калі гэта і лісты да запатрабавання, то такія лісты, якія розныя людзі могуць заўсёды чытаць — яны заўсёды будуць актуальны.

Можа быць. Я чалавек той, які заўседы жыў у канкрэтнах умовах і часу, і свайго жыцця, і акаляючага асяродздзя, канкрэтны. І я, канешне, таму адгукаюся і на падзеі не толькі высокага нейкага плану, але і на падзеі будзённага канкрэтнага жыцця, якія для мяне важныя, якія ўва мне нешта кранаюць, па якіх мне хочацца выказацца і, бясспрэчна, хочацца быць зразуметым.

 

А як вы увогуле сталі пісаць?

Некалі у маленстве, у дзяцінстве я любіў чытаць, вельмі многа чытаў, і слухаць: мама мне па памяці чытала тое, што яна ў свой час у школе вывучыла на памяць Купалу, Крапіву, перш за усе. І мне гэта вельмі падабалася, што там не толькі тое, што мне было цікава, але гэта гучыць, вось як гэта “складна”, як кажуць у народзе. Ну і на нейкім этапе мне захацелася паспрабаваць: “А што, можа, і у мяне нешга падобнае атрымаецца?” Ну, і такім чынам пачалося, я не назаву гэта вершамі, пачалося рыфмаванне. Ну а ўжо усведамленне, што літаратура і паэзія гэта справа сур езная, нялегкая і адказная, прыйшло значна пазней. Я думаю так, што пачатак такой некай усвядомленай творчасці ў мяне абазначаны недзе ўжо універсітэцкім жыццём, вучобай ва ўніверсітэце. Калі я ўжо трошачкі паразумелы, калі зразумеў, што не ўсе тое, што ў рыфму, мае права называцца вершамі, тым больш мае права называцца ці мець нейкае дачыненне да літаратуры.

 

А быў які-небудзь чалавек, да якога вы хадзілі вучыцца, які паказваў вам вашы памылкі?

Ну, у мяне можна назваць такімі прафесійнымі маімі настаўнікамі… Iх было двое. Ну перад гэтым было там Полацкае літаратурнае аб яднанне, дзе мы такія, як кажуць,  няўмекі збіраліся, там адзін аднаму чыталі нешта, адзін аднаго крытыкавалі, а сур езнымі настаўнікамі для мяне былі два паэты. Гэта Мікола Аўрамчык Мікола Якаўлевіч Аўрамчык, які веў аддзел паэзіі ў часопісе “Маладосць” доўгія гады, і Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін, выдатны паэт, майстра выдатны, які веў аддзел паэзіі ў часопісе “Полымя”. Вось яны сапраўды мяне вучылі, скажам так, прафесійнаму падыходу да напісання вершаў і да працы над вершамі. Ну, акрамя таго была вучоба я лічыў, гэта самая важная і самая абавязковая вучоба для кожнага творчага чалавека, у класікаў. Я чытаў. Так сказаць, не проста чытаў я вучыўся і ў Багдановіча, і ў Пімена Панчанкі гэта мой любімы, самы блізкі мне па душы паэт. Урэшце я вучыўся у сваіх сяброў і аднагодкаў Рыгора Барадуліна, і ў маладзейшых у Жэні Янішчыц, таму што кожны раз калі я чытаў нейчую кнігу і якая была для меня вельмі дарагая і блізкая, гэта была непрыкметная для мяне вучоба. Я вучыўся у сваіх, скажам так, калег з Масквы, з Ленінграда, з Кіева, з Прыбалтыкі, у Андрэя Вазнясенскага, у Бэлы Ахмадулінай, ў Яўгена Еўтушэнкі, у Барыса Алейніка, у Івана Драча, у Дзмітра Паўлычкі, у Юстаса Марцынкявічуса. То есць я калі іх чытаў, яны былі мне дарагія і як творцы, і як сябры, я вучыўся ў іх, бо часамі ў мяне было так, знаеце, як зайдроснае што: як гэта я ны напісалі, а я не напісаў? Яны дадумаліся, а я не дадумаўся. Пагэтаму я лічу, што я і цяпер вучуся. Цяпер вучуся, і калі прыходзяць цікавыя асобы ў літаратуру, у паэзію ў прыватнасці, я сачу за іх ростам. Яны растуць, а тым самым і я расту разам з імі. Так што для мяне гэта тут пастаянныя курсы павышэння кваліфікацыі.

 

А як вы адносіцеся да сучасных “Дзеяслова”, часопісу “Неман”?

Я лічу лепшым літаратурным часопісам сення ў Беларусі “Дзеяслоў”. Менавіта ў “Дзеяслове” там вытрымліваецца той узровень паэзіі, прозы і публіцыстыкі, які трэба сталай літарататуры мець. Бываюць і ў іншых выданнях цікавыя публікацыі, неблагія, а часам нават таленавітыя, але вось, мне здаецца, ў кожным нумары “Дзеяслова” ёсць тое, за што не сорамна сенняшняй беларускай літаратуры. “Нёман” я проста практычна не чытаю. Не таму што мяне там зусім не цікавіць, просто цяпер такі час. Некалі я выпісваў масу часопісаў усякіх, пачынаючы з маскоўскіх і ўсякіх, і ўсе свае беларускія. Цяпер у мяне для гэтага, як кажуць, няма не толькі часу, а няма і фінансавых магчымасцяў. Паэтаму так складваецца, што ў бібліятэку хадзіць пастаянна ў мяне не атрымліваецца, вось. Тут нейкія клопаты, тым больш клопаты і са здароўем ёсць, і пагэтаму я вельмі выпадкова часам знаёмлюся з тым, што друкуецца вось у іншых часопісах. А “Дзеяслоў” я чытаю пастаянна. Чаму? Таму што, я ўжо сказаў, на мой погляд, там друкуецца ўсё лепшае што ёсць у сенняшнім дні беларускай літаратуры.

 

Выпісваеце “Дзеяслоў” ці бярэце ў бібліятэцы?

Выпісваю.

 

Нядаўна была вечарына, прысвечаная аднаму вершу пра зіму. І там перамог хлопец, які напісаў верш, які складаецца з усяго толькі аднаго радка на беларускай мове, гучыць так: “Ніколі так не рабі”. Ці нешта накшталт гэтага. У сэнсе каб чалавек ніколі не рабіў так як зіма, дрэнная, халодная…

Верш з аднаго радка ну. Для гэтага патрэбен вельмі яркі радок і вельмі шматзначны ці што, таму я не надта ў такую так званую паэзію веру. Справа ў тым, што апошнім часам многія, асабліва маладыя, кінуліся, скажам так, да ўсходняй паэзіі, да японскай, да кітайскай. Ну, там іншы склад, разумеце, нават у тым, як гэта напісана. Адна справа вершы, якія напісаны, надрукаваны ў нас, іншая справа вершы, якія напісаны і воку нашаму даступныя там. Сам іерогліф, ен нясе вельмі у тым які ен, ён нясе тое, што нам, еўрапейцам, не зусім зразумела. Нават вельмі многа за іерогліам стаіць. Тое што ў нас, напрыклад, за літарай стаяць не можа, гэта прасцей. Бо там вельмі ўсе складана. І таму такое перанясенне простае я яго не зусім разумею. Ёсць удалыя і хоку, і танкі, есць удалыя. Але, даруйце, тое, што я чытаў, гэта вельмі рэдка. Часцей за ўсе гэта такое, як кажуць, я б сказаў, што робіць выгляд, што гэта мудра, хаця там вялікай мудрасці я не бачу. Таму тое, што вы казалі пра гэты верш з аднаго радка пра зіму, калі б вы працытавалі мне гэты радок, я б сказаў свае адносіны. Але знаў жа такія экстравагантныя эксперыменты хай будуць, я за! Хай будуць, але я не веру, што гэта сапраўдная літаратура і што гэта надоўга. Я думаю, што Пушкін быў сваім талентам ніколькі не меншы, чым тыя, хто вось такія эксперыменты робяць. Яму было важна не здзівіць людзей і нават не паказаць свае ўмельства яму было важна данесці да людзей тое, што ў ім ёсць, што для яго вельмі важна, што яго трывожыць, што яму баліць, чым ён хоча падзяліцца з людзьмі. Таму ён геній, таму ён вялікі, так як і Купала, так як Міцкевіч, так як Шэўчэнка. Можа быць, ёсць нейкія творцы, у якіх нейкія элементы прафесійныя не горшыя, чым у гэтых людзей, якіх я назваў, але такой творчасці, такога выяўлення і народнага духу, і народнага характару, і самых глыбінных маральных рэчаў мала ў каго знойдзеш, таму яны астаюцца ў вяках. А тыя, хто гэтая штучкі робіць гэта было і ў рускай паэзіі, гэта і ў нас ёсць: так, некалі ўсе ахаюць, потым праходзіць час і ўсе здзіўляюцца: а чаго мы ахалі? Там жа нічего такога не было. Хаця ўсё можа быць, на здароўе.

 

Тут Геннадию Николаевичу позвонили, и он разговаривал на русском языке.

 

Генадзь Мікалаевіч, вось вы вельмі шмат пішаце, сустракаецеся з рознымі людзьмі, увогуле як вы адпачываеце?

Як я адпачываю? Для мяне найлепшы адпачынак пабыць на прыродзе, а другі від адпачынка для мяне ён не надта нават і адпачынак: я вельмі люблю быць з кнігамі, чытаць, нешта перачытваць, нешта перагортваць, не магу часам адарвацца ад гэтага. Пагэтаму што гэта для мяне? Для мяне гэта, я паўтараю, не столькі адпачынак, колькі від работы маёй, дарагой, цікавай для мяне работы. А сапраўдны такі адпачынак і для цела, і для душы гэта яднанне з прыродай. Прагулкі па лесе любімы мой занятак. Самы любімы мой занятак гэта грыбы, так званае ціхае паляванне. Гэта я заўсёды любіў, люблю і вельмі шкадую, што з-за здароўя апошнім часам я ўжо не магу рабіць такія доўгія, такія шматгадзінныя падарожжы, як я рабіў. Люблю проста пасядзець над рэчкаю, проста недзе там на ўзгорку, паглядзець на краявіды, распаліць вогнішча, глядзець на агонь гэта для мяне таксама вельмі дорага. Так што гэта вось такі вот адпачынак.

 

А я к вы ставіцеся да лазні?

Выдатна. Лазня гэта таксама адно са святаў для майго цела. Было. Ды і цяпер часамі ёсць. Я настолькі люблю лазню за дзве рэчы. Першая гэта тое, што я сказаў: для мяне гэта свята цела. Пасля таго, калі добры майстра мяне папарыць хораша, то я маладзею. Такое адчуванне, я адчуваю, што маё цела амалоджваецца. Ну і плюс, я думаю, што гэта практычна у кожнай кампаніі такой парыльнай ёсць яшчэ размовы, сустрэчы з людзьмі. Вось у той кампаніі, да якой доўгія гады належыў я, былі самыя розныя людзі: і вучоныя, і спартсмэны, і нейкія бізнэсмэны не надта высокага ўзроўню. І калі мы збіраліся, у ва ўсіх у нас знаходзілася нешта агульнае, і ў той жа час у кожнага было свае, мне было з імі цікава. Ну, на жаль, паўтараюся, з-за стану здароўя пасля інфаркта, пасля таго, як мне зрабілі шунціраванне, я вымушаны быў з вялікім шкадаваннем свае, скажам так, апетыты ўрэзаць. Але ўсёткі стараюсь хоць трошачкі не абмінуць лазню, пасядзець на палку, трошачкі венічкам пасмакаваць, пакаштаваць, пастаяць пад душам словам, некалі ў маім жыцці гэта быў абавязковы пункт. Раз на тыдзень гэта абавязкова. Часамі, можа, і часцей здаралася. І калі ехаў я некуды далекавата ад Мінска, ці то ў госці, ці то нават у камандзіроўкі, і калі была магчымасць схадзіць ў лазню чорную вясковую, я без гэтага ніколі не абыходзіўся. І калі была мыгчымасць схадзіць у цывізаваную лазню, гарадскую, таксама людзі, якія ведалі, што гэта мне прыемна, яны ніколі мяне гэтым не абыходзілі.

 

А ў вашай вёсцы на вашым участку няма лазні сваёй?

Не, няма.

 

А чаму так?

Ну, так неяк атрымалася, што мы пачалі будаваць яе, а потым паехаў я працаваць за мяжу, у Злучаныя Штаты Амерыкі, гэта заглохла. А апошнім часам, калі можна было там нешта зрабіць, ужо ўрачы мне не раюць хадзіць. А я яшчэ з такім характарам, што люблю пайсці ў лазню і проста так недзе пасядзець там калі ўжо пайшоў, дык трошкі і венічкам памахаць, і трошачкі папацець.

 

А ці ведаеце вы якя-небудзь вясковыя рэцэпты, сакрэты прыгатавання настояў?

Не, гэтага я не ведаю, гэтым я не займаўся. Я любіў тое, што лазня давала ўжо будучы гатовай да сустрэчы з чалавекам, а то, што трэба было ў час падрыхтоўкі не, гэта я не ўмеў. Нават венікі я не заўсёды сам рабіў, а звычайна карыстаўся тым, што сябры прыносілі. Сябры прыносілі сапраўды венікі, як кажуць, зробленыя з нейкіх там зёлкаў, вельмі мяккія, ласкавыя, хаця некалькі разоў я парыўся і венікамі калючымі прывозілі хлопцы з Сібіры. Ядлоўцавыя венічкі таксама. Ну, як ні дзіўна, вельмі гэта ўсё прыемна было і хораша. Я скажу шчыра, я нават і не думаў да таго, як майстры гэта зрабілі, што, напрклад, ядлоўцавыя венікі такія ласкавыя і такія мяккія.

 

Але вам самаму таксама даводзілася рабіць венікі?

Ну, я такія вельмі звычайныя, бярозавыя, дубовыя, ліпавыя рабіў, канешна. Знаю, як трэба, каб яны былі такія зручныя і пушыстыя.

…..

Прыхільнікам лазні я вельмі жадаю, каб яны не перабіралі меры ва ўсім, што датычыць знаходжання ў лазні. Каб яны не перабіралі меры, па-дурному не спаборнічалі хто больш пераседзіць, і тым болей каб не ў якім разе не перабіралі меры пасля таго, як пабываюць на палку. Звычайна, канешна ж, не абыходзіцца без застолля. Я люблю пасля гэтага ўзяць халоднага піва трошкі, ну а калі там будзе сапраўдны квас, свой, хатні, то гэта цуд. А гарэлка, як часта гэта любяць, ну, можа быць, па чарачцы, па адной-дзьве, яно нейкаму і прыемна, але не дай Бог яе паребіраць, тады, вось уся тая радасць, якую цела выносіць адтуль, з палка, яна ж знікае. А так, калі ты нармальна прыходзіш апасля лазні дахаты, то ў цябе яшчэ, як у мяне дык некалькі дзен, адзін-два абавязкова ёсць адчуванне гэтай легкасці, адчуванне нейкай такой маладосці цела. А калі ўсё гэта заб еш гэтым застоллем, застоллем, дзе і градус, і дзе яды дужа многа, тады гэтага няма. Таму я лічу недарэмным лазню, звязаную са спортам вельмі часта. Яна павінна памагаць целу адчуваць сябе на ўзроўні.

20.I.2020

А это вы читали?

Leave a Comment