Ягадная моўч. Вершы

Наста Кудасава, паэт. Нарадзілася 25 мая 1984 г. у Рагачове. Аўтар кніг «Лісьце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013). Таксама друкавался у шэрагу перыядычных выданняў ды альманахаў.


 

МЯДЗЬВЕДЖАЯ БЕССАНЬ

Адліга: шлях брынёю квокча,
мядзьведзь пакутуе на бессань.
Ён слухае ў бярлозе ночы,
як вечнасьць носіцца над лесам,
як прымінае дрэвам сьвіты
рукой бязважкай і бязьмежнай
і быццам нейкі сум забыты
ўздымае ў памяці мядзьведжай…
І той падоўгу ў столь бярлогі
глядзіць вільготнымі вачамі,
нібы свой кон, сусьвет і Бога
вось-вось уцяміць…

 

ЯГАДНАЯ МОЎЧ

журавінавы ваўчыцын
верш табе дашлю,
хай табе ў чужыне сьніцца
пушчаў нашых шлюб.
хай ад роспачы ратуе
ягадная моўч,
помні пра мяне лясную
і дадому кроч…

 

АДЛЕГЛАСЬЦЬ

расстояние — козыр прыстойных.
застылая постаць асолі на беразе іншасьвету.

расстояние — гэта стаяць паабапал разлукі,
расстаўленымі расставаньнем
на месцы сваіх адзінотаў.

а што мне рабіць з нашай адлегласьцю?

кіламетры пустых узмакрэлых прасьцінаў
і мы —
так адлеглыя адно ад аднаго,
на такую цябененамацвальную далечыню,
бы адкладзеныя лёсам
на потым.

 

ДАЛЬ

даль расьцягваецца ў “дай”
з кожным кiламетрам жылаў,
памяць цела — злая здань,
карнiца
тым, што любiлi,
вернiца шчымлiвых дзён,
катавальных ранкаў служка,
успамiнавым рызьзём
набiваецца ў падушку…

 

*

пешчавы слой пакрывае скуру
і раз’ядае цела эмаль —
так я старэю,
сумленьне гмуру,
лічу, як вязень, за маем май,
нашу твае пацалункі ў порах,
амаль разыходзячыся па швох…
колам пякельным
стаіць на ўсё горла
шчасьце,
што кожны з нас
не ўбярог.

 

ГОРАДЗЕ НАШ

горадзе наш,
атулі, сагрэй,
але не судзі, ня важ.
закрый ад людзей,
сам стань ля дзьвярэй,
горадзе, схове наш…
дай нам дапіць гэты лёс нагбом,
смутак наш забялі,
ты ж ведаеш, горадзе,
толькі любоў
трымае мяне на зямлі.

 

САЛАМЕЯ

саламея, зьвярыца, шалом! шалом!
не прыкрыеш драпежнай душы крылом.
як пад рэбрамі шал, то чакай крыгалом —
ад сябе не ўцячы, не схавацца.

так зьвіваюцца рэкі ў віры — насьляпкі,
так зьбіваецца боль у радкі-камякі,
так гібеюць сусьветы па волі рукі,
распасьцёртай у жудасным танцы!

 

ЦЕЦІВА

цела маё цеціва
робіцца ўсё напяцей.
хутка танчэе канва
музы,
жанчыны,
маці.
счэзьне і спрыт,
і грым,
жончын забег,
і доччын,
толькі б трымаць жывым
пульс стралы
невідочнай.

зловяць свой верны рытм
часу ліхія арэлі,
цэль адамкнецца ўгары
і нехта стрэліць.

 

*

узьняцца на гару пляча
і ў барадзе тваёй заблытацца,
схаваць увесь зямны адчай
у непрамоўленае «зьлітуйся»,
каб разгадаць, што толькі тут,
табе прыліплая да шыі,
я разумею сьвет як цуд
і спасьцігаю ўсе вяршыні.

А это вы читали?

Leave a Comment