Наста Кудасава, паэт. Нарадзілася 25 мая 1984 г. у Рагачове. Аўтар кніг «Лісьце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013). Таксама друкавался у шэрагу перыядычных выданняў ды альманахаў.
* * *
праз парэзы барознаў
знае глеба вясну,
так што дзейнічай, лёс мой,
не шкадуй, паласуй!
з’ела голас мне здрада,
грэх душу абкарнаў,
але, можа, і я дам
хоць бы жменю зярна.
* * *
дзе адхланне маё натхненне,
яблык райскі, цяплынь каленяў,
пуцяводаў дняпрыстых плынь?
разжавалі, укрыжавалі,
адышлі, а душа — жывая,
ценькае на канцы іглы!
дзе ты грэеш плячо-падмогу,
як ты богава спеліш богу,
з кім ты пішаш на брудэршафт?
ці глядзіцца вачамі ў вочы,
ці там б’ецца ў грудзях сірочых
твой забыты варштат?
ПЛЯЧО
-1-
плячом палячы, прытулі аж датуль,
пакуль не пачнецца віна,
прадыхай ратункам у скронь-слепату мне,
што я не адна, не адна.
хай збудзецца ўсё, што так страшна назваць,
што цепліцца ў гронках-руках,
пакуль я сплываю ў пляча твайго завадзь —
шчаслівы пакорлівы птах…
-2-
у калысцы пляча сплыла
і забыла пра бераг.
зор, як вечнасці, — дазяла
ветах жменяй адмераў.
зорны тук — дармавая сыць
галадранцам самоты,
толькі б не перасталі плыць
плеч хупавыя флоты…
ЛІПАВЫ
адскавытала, і струны асіплі,
і на ўвесь выдых — падранак песенны.
помняцца толькі пяшчота і ліпень,
іншае намертва болем знесена.
быццам ні крыўдаў, ні жалю, а так…
нейкая блазанка ў горле ўсхліпвае…
лета прыйшло — шарлатан-мастак! —
з водарам нашага шчасця — ліпавым.
* * *
у падушкі мяккія калені,
у самоты — пільныя далоні,
шчытны водар вечнасці кялейнай,
вочы шэрых поні.
ля цябе цар-леў прыснуў на ганку,
для цябе сады ўзыходзяць раем.
тут — абезгалошанай цыганкай
я ўміраю.
ЯБЛЫКАВАЯ АСКЕЗА
летам налітыя, яблыкі целаў
млеюць дадолу ў мурог бы пацэліць,
дзе паўнаўладны муркоча амур.
дай мне ўтрымацца хаця б на хвілінку,
Госпадзе дрэваў, жывая галінка,
дай зружавець тут і ўбачыць зіму!
колькі мы падалі хціва пладамі,
падалі смелыя, падалі самі,
колькі мы спелыя славай гнілі…
ні пустацвету, ні шалу паяцаў,
Божа раслінавы, дай не ўбаяцца,
ссохлай малітвай застацца ў галлі.
* * *
па ваколіцах-ваконцах
распускаю галасы.
восені камяк бяссонцы
папярок душы застыў.
хто ты, смутак раніцовы,
пераспелая раса?
словы
словы
словы
словы
сыпле мне пад ногі сад…
* * *
як збіваюцца здрады ў пухлінне душы,
як ламаецца голас, бытнечай зацёрты,
як знясільвае ноч,
раскажы,
раскажы,
як радок раздзірае адчаем аорту.
як не мецьмем з табой ні вала, ні кала,
толькі ў горле пяшчоты сляпую залеву…
раскажы ім усё,
покуль хопіць цяпла,
покуль я ў цябе веру.
твая каралева.