Solus cum sola. Пра паэзiю Насты Кудасавай

Іван Фёдаравіч Штэйнер — беларускі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, пісьменнік, краязнаўца. Нарадзіўся 10 верасня 1953 у вёсцы Беражное Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, працаваў дырэктарам школы, метадыстам абласнога Інстытута ўдасканалення настаўнікаў. З 1978 года ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую (1982) і доктарскую (1994) дысертацыі па гісторыі і тэорыі балады і славянскіх паэтычных узаемасувязях. З 1983 года — загадчык кафедры беларускай літаратуры. У 1995 атрымаў вучонае званне прафесара, у гэтым жа годзе абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.

Мае больш 200 навуковых прац, 4 метадычныя дапаможнікі, 1 вучэбны дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

2 верасня 2011 года дэбютаваў ў якасці пісьменніка, пад псеўданімам Іван Прылуцкі. Прэзентаваў сваю кнігу «Мудрости зачало и конецъ…: драма» (Мн., 2011).


 

Solus cum sola

 

Наста Кудасава — паэтэса, што адчуваеш ужо па першых радках уступнага верша, якім адкрываецца дэбютны зборнік “Лісьце маіх рук”

 

Вышывала аркушы вершамі
Пакалола словамі пальцы.

 

Далікатнасць, жаноцкасць гучання зачына выразна, хоць і падсвядома, кантрастуе з сысоўскім “Мне на сэрцы золатам вышывалі краты”, (у Насты вычытай, што на сэрцы вышта) і гэтае супрацьпастаўленне як мага выразней падкрэслівае адметнасць творчай манеры, светаадчування і светаўспрымання маладой паэтэсы. Яе сэрца не трапіць на прылады пакуты, як А. Філіповіч ці як  наш сучаснік паэт-растрыга. аднак тым не менш зведае боль і атруту іншым, больш лагодным чынам. Паэзія Н. Кудасавай — гэта вышыўка на белым полі сэнсу жыцця, а вышыўка — гэта спрадвечна жаночы занятак. І ў гэтай велічнай справе яна зусім не адзінокая ў сусвеце. Згадаем, што ва ўсе вякі менавіта жанчыны нараджалі дзяцей і песні. (Настасся Фёдараўна мае два зборнікі паэзіі і двух дзетак. Зараз рыхтуецца трэці…зборнік).  Узорам у гэтай велічнай справе служэння Слову для нашай зямлячкі становіцца Марына Цветаева. Сведчаннем таму не толькі радкі з твораў вялікай рускай паэтэсы, узятыя ў якасці эпіграфаў да ўласных вершаў, прысвячэнні М. Цв., але і цвецізмы — выразы ў духу паэтэсы, і нават арыгінальна-адкрытае прызнанне

 

заМарынаваная Вашымі вершамі,
мая першая

 

Падчас у працэсе прызнання спрадвечная Марына набывае ці незямныя рысы (уважаю за настаўнікаў і абсалютных Паэтаў), ператвараючыся ў нейкае ўзнёслае ўвасабленне гуру (баімся сказаць болей), бо бачыцца мажлівасць самастойнага ўваскрашэння болем у тыя хвіліны, калі плён становіцца попелам, а сумесны выхад на мяжу пытанняў дазволіць застацца заўсёды жывымі. І калі птици, летающие по воздъдуху, са славутага выказвання Ф. Скарыны ведають гнезда своя, то веданне Н. Кудасавай ці не блюзнерскае:

 

Ведаю крокі твае,
Ведаю рукі твае,
Ведаю гукі твае —
Вечныя рухі волі.

 

Няўжо жанчына настолькі дасканала-самадастатковая ў гэтым сусвеце — зямным, узвышаным, паэтычным? Наста Кудасава завочна палемізуе з М. Багдановічам, які ўвесь свой кароткі век шукаў адказ на пытанне — ці дае насалоду жанчына? А каму? А хто дасць насалоду ёй, жанчыне?! Вось чаму ў свядомасці паэткі ўзнікае вобраз Саламеі з, як тое не здасца дзіўным, галубіным сэрцам, у выглядзе лілеі, белакрылай кветкі.  Выразы самлею ад чырвонага хмелю, пераспелыя вусны, ап’янелая поўня на нямым небасхіле (тут можна ўбачыць паднос з галавой адсечанай і крывавыя плямы), сведчаць аб выключна страшэнным паяднанні ў целе і душы жанчыны жыццядайнай годнасці і смертаноснай сілы, якія жывуць у адзінстве і вечнай барацьбе, і невядома, у якое імгненне пераможа канкрэтны пачатак. Бойся (і чакай!), яе грэшнай увагі, салодкай жарсці пацалунка, застылай навечна пячаткі адчаю з ракавым — кахаю, кахаю, кахаю. Яна сама да канца не ўсведамляе, што гэта такое: яе ўнутраная прырода ці проста выбуховая здрада аднастайнаму свету? Біблеізмы ў значнай ступені дапамагаюць паэтэсе ўвасобіць вобраз Жанчыны. Творчае перастварэнне паэтыкі “Песняў Песняў” вызначае структуру і тропіку шасцічастковага верша “Багіня”. І не толькі ў рэмінісцэнцыях: Ханаанам кахання сэрцу сырому. Ты Зямля Абяцаная, добрае дома, але, галоўнае, у самім гучанні, манеры, настраёвасці. Нібы старазапаветная гераіня, што не знаходзіць месца ў пошуках кахання, беларуска ІІІ тысячагоддзя перадае адвечнае жаночае ўспрыняцце непазбежнага: Сэрца нямее ад страху… і хочацца Вуснамі вуснаў, далоняў далонямі. І тут дарэчы не толькі ўрок прабабулі (увайсці ў беззаганную першаснасць Евы), але варта і згадаць няўдалы боскі эксперымент, у выніку якога жаноцкасць дамінавала ў першым варыянце створанай сяброўкі першамужчыны (Мне салодкі палын Тваёй моцы, Ліліт), што і прывяло да яе знішчэння, бо не адпавядала ўяўленням аб светабудове. Ці не адсюль апісанні, якіх яшчэ не было ў цнатлівай беларускай любоўна-эратычнай традыцыі: рот — пацалункаў куфар, плечы — хачу-пастка, вусны — спакуса. Выцалаваць бы з маскі гэтыя вусны.У апісанні прыгажосці спалучаецца класічнае антычнае (мармуровы арамат цела белага) і рэальна-народнае (выабдымаць бы рукі — неба галіны). У гэтым велічным акце быцця не трэба баяцца шоргату сораму, спрабаваць закрыцца ад агню шырмай. Позна! Яна, гераіня, па-іншаму глядзіць не свет, бо яе новыя вочы носяць ягонае імя.

Ніхто так смела і прыгожа не згадваў у нацыянальнай традыцыі Сафо, падкрэсліваючы і градуючы тыя асацыяцыі, што ўзнікаюць у многіх, калі акцэнтуецца назва яе роднага вострава:

 

а на Лесбасе сёньня восень
і на росстанях нашых сьцёгнаў
агаломшана млеюць стогны
і хмялее радок рукі

 

Асабліва гэта заўважна ў цыкле вершаў “Solus cum sola”, для назвы якога Наста Кудасава  выкарыстала пачатак лацінскага крылатага выслоўя “Solus cum sola, in loco remote, non cognitabuntur orare  “Pater noster”. Наста свядома апускае вылучанае намі словазлучэнне  з кананічнага выразу, што дазволіла ёй крыху змяніць сэнс класічнай фразы. Калі ў арыгінале  падкрэсліваецца, што пра мужчыну і жанчыну, якія сустрэліся ў патаемным месцы, ніхто не падумае, што яны чытаюць разам “Ойча наш”, то паэтка падкрэслівае не верагодную мажлівасць учынку, а само дзеянне — ён і яна ніколі не будуць маліцца ў падобных абставінах. Хаця рытміка і сутнасць твора нагадваюць калі не малітву, то ў крайнім выпадку закляцце: Вачыма прачытай жаданне і будзь са мной да развітання — да скону ночы будзь са мной. У гэтым сусвеце ёсць толькі ён, ім запоўнена бяссоніца, ім гучыць маўчанне, толькі з ім хочацца застацца назаўсёды — да світання.  Раніца прынясе пакаранне за салодкі грэх, але гэта будзе некалі, а ноч ніколі не скончыцца. Ва усялякім разе ў гэта імгненне. І няхай на карту пастаўлена душа — жанчына таксама можа стаць антыподам Клеапатры, таксама здольная аддаць жыццё за радасць кахання. Тым больш, калі ён мой нязведаны дар, якому можна і трэба аддаць усе свае пакутлівыя вершы і нават на сконе спяваць Люблю. Лірычная гераіня паэткі, здольная абагомліць, абанёліць яго, праспяваць яму калыханку, усклікнуўшы: Беззаконне маё… Беззаганне!.. І за такое велічнае каханне ніхто не пакарае, але і нават не папракне, падарыўшы пасля ўсяго ранішні яблык, каханнем памыты

 Наста Фёдараўна — магістр філалогіі, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый,  аўтар шэрагу навуковых артыкулаў. Падчас навучання паспела палюбіць і разлюбіць розныя  з’явы і імёны ў сусветнай культуры. Нязменна дарагімі ў паэзіі застаюцца 17 стагоддзе і пачатак 20-га. З набытых літаратурных сімпатыяў — Фрыдрых Гёльдэрлін, Поль Верлен, Пауль Цэлан, Веніямін Блажэнны, Уладзімір Маякоўскі, Роберт Фрост. Кніга, якая са мной заўсёды, — Біблія, асабліва люблю Экклезіяста, Кнігу Іова, Псальмы, Эвангеллі.

Наста Кудасава — асоба, што засвоіла этычна-эстэтычны ўрок развіцця чалавечай эвалюцыі, яна адчувае сябе звяном у гэтым спрадвечным крузе нараджэнняў, у якім усемагутны не толькі насалода, але і боль:

 

Нізкімі нотамі, нізкамі Ротмана
Я зашываю маўчаньне адчаю.
Цацка бяз сэрца, ваўчыца бязродная,
Кінутая ў чалавечую зграю.

Ночы чароўныя вырасьлі здрадаю,
Рукі ўлюбёныя вырасьлі зьдзекам…
Госпадзе! Я была б казачна радая
Не нарадзіцца сюды чалавекам…

 

Перыфраз цвятаеўскага Господи, ты не был женщиной на земле ўзмацняе вселенскую грусть, якая так уласціва маладым паэткам.Наста Кудасава любіць гэтае жыццё, і ўдзячна, што яна жанчына, бо толькі ў такой іпастасі можна спасцігнуць шматколернасць сусвету.

У школьныя гады адкрыла для сябе раз і назаўжды Марыну Цвятаеву і Аляксандра Башлачова. Тады ж зразумела і засвоіла, што чалавек не можа жыць без Бога, Радзімы, Культуры. Палюбіла беларускую літаратуру, захапілася Караткевічам і Арловым, з паэтаў — Ларысай Геніюш, Нілам Гілевічам, Яўгеніяй Янішчыц, Алесем Гаруном, Анатолем Сысам. Разанава і Барадуліна здолела ацаніць і палюбіць пазней, ужо ў студэнцтве..

Зведаўшы таямніцы быцця, дакрануўшыся да мудрасці чалавечай, наша зямлячка заўсёды памятае, што і ў яе ёсць маленькая радзіма, горад маленства і юнацтва — Рагачоў. Бацькі паходзяць з вёскі Рыскоў Рагачоўскага раёна. Маці — Наталля Іванаўна, працуе ў дзіцячым садзе кіраўніком фізічнага выхавання. Бацька Фёдар Цімафеевіч памёр, калі мне было 10 гадоў. Ёсць малодшы брат Дзіма. Сваім паходжаннем ганаруся і дагэтуль лічу Рагачоў самым чароўным з усіх гарадоў, што мне давялося пабачыць. Лепшае ў душы і паэзіі — з дзяцінства, астатняе — ад складанасцяў досведу, адукацыі, памылак, расчараванняў і пакаянняў.

Несмяротнасць роду чалавечага сцвярджае аўтар у вершы, прысвячаным габрэйскім могілкам горада Рагачова, якія ёй уяўляюцца крылом нерухомых пер’яў каменных пліт, нерухомым пер’ем сыноў Давіда, што адляцелі ў залаты шалом. І толькі адзіны наведнік у іх — Бог, што прынёс сьціплы прэзэнт — бязьсмерце.  Нешта падобнае можна сустрэць у версэце А. Разанава “Табрайскія могілкі”: яны зрасліся з няпамяццю і нябытам.  Але вобраз Насты больш узнёслы, лятучы,  хаця абодва навейваюць светлую тугу.

Як хораша Наста Кудасава прызнаецца ў любові да роднага мястэчка:

 

Пахне вежай, пахне жніўнем сьвежым,
Шмурдзяка гарэзліваю мовай,
Пахне незабыўным Рагачовам —
Безданьню, бяздумнасьцю, бязьмежжам…

Тут сышліся зь вечнасьцю бясконцасьць,
Цела з небам, белае з чырвоным.
Хай жа будзе вечна блаславлёны
Горад, найцудоўнейшы пад сонцам!

Ці ў вясну сыду, ці ў дамавіну,
Ён заўсёды будзе крочыць поруч.
Рагачоў… І гарачынь, і горыч…
Мой чароўны рай дняпрова-сіні…

 

У антычнасці лічылася, што возера Авернскае ля горада Кум было уваходам у падземнае царства (Facilis descensus Averni). Герой Ул. Караткевічы знайшоў яго (уваход) ля Рагачова. Ці не таму Наста па прыкладзе свайго вялікага земляка абагаўляе Дняпро, якім марыць якім марыць разліцца па паперы. Нібы Аліса са славутай казкі, яна, сціскаючы дых, у нямым захапленні сплывае ў вечнасць, каб на дзяўчынкавых крылах у імгненне даляцець да Конга ци Парагваю. Яна трапляе (ці стварае?) ўласны сусвет, дзе ўсё жыве па яе законах. У гэтай дарозе Наста сустракае хворага на дэжавю Харона; у вобліку Эўрыдыкі знаходзіць неактуальнага Арфея; Майсей успрымаецца велічным сейбітам; жыццёвыя лёхі выходзяць да яснага Стыксу; Сланы ляцелі з Індыі абдой-маў да краёў свіных-качыных-конскіх; так хутка і шпарка ўвіхаецца Парка. А над усім гэтым пасміхаецца Адзіны ў сваім ніколі і нідзе. Таму яна, зусім маладзенькая жанчына, стварае і свой уласны тэстамент:

 

А калі нітка дапрадзецца,
як схопіць іншая пара,
вазьмі маё жывае сэрца
і пахавай на дне Дняпра.

там скрозь празрыстыя сялібы —
з пакоя ў царственны пакой —
верлібрамі сплываюць рыбы
ў бясконцай прастаце сваёй!..

 

Тут паэтэса не імкнецца да эксперыменту, слоўнай эквілібрыстыкі, хаця апошняе вельмі ўдаецца нашай зямлячцы. Дастаткова згадаць, што ейныя паасобныя вершы складаюцца толькі з

аднаго:

 

Бездакорны радок.

 

дзвюх:

 

Крок за крокам
Іду ў шматкроп’е…

 

трох радкоў:

 

Партрэтаў рэбры
На сухой сьцяне.
Гісторыя.

 

Або з двух:

 

Sum —
Сум.

 

ці трох слоў:

 

Вясна.
Вуснам
Цесна.

 

Згадаем, што ў апошнія гады жыцця А. Ахматава лічыла, што верш з дванаццаці, нават з васьмі радкоў вельмі доўгі, а таму трэба скарачацца. У адной кроплі бачыцца сусвет, у дзвюх — расплываецца. Аднак колькасць — не эстэтычная мера. Галоўнае для паэтаў — быць заўсёды з Богам, марыць аб тым часе, калі  Слова было Бог.

А это вы читали?

Leave a Comment