DIARIES: Дваццаць чатыры зімовыя дні

Сяргей Календа – пісьменьнік, культуроляг, рэдактар, аўтар шасьці кніг прозы, кнігі казак і раману. Нарадзіўся ў Капылі, Мінская вобласьць, Беларусь, 15.03.1985. З маленства жыве ў Мінску. Мае вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці культуроляг-гебраіст. Скончыў БДУ, Факультэт міжнародных адносін. Скончыў Аддзяленьне Літаратуры й Філязофіі Беларускага Калегіюма пры Беларускім ПЭН-цэнтры. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. Зьяўляецца стваральнікам і галоўным рэдактарам часопіса сучаснае беларускае прозы і мастацтва “Макулатура”, які распрацоўвае сумесна з мастаком Васілісай Паляніна-Календа. Часопіс “Макулатура” (www.makpaper.com) сваёй мэтаю ставіць разьвіцьцё сучаснай беларускай культуры, выхад па-за моўныя межы й цэнзуру.


Этой публикацией «Textura» объявляет о запуске проекта «Diaries» (дзеннiкi, дневники): в течение месяца писатель ведет дневник, который в последующем мы публикуем.

Автор создает свои произведения, но что создает автора? Что происходит в жизни писателя? Чем он живет, что его тревожит, о чем он думает? Какой он на самом деле, когда не прячется за своего лирического героя или персонажа романа?

Давайте разбираться

 

ДВАЦЦАЦЬ ЧАТЫРЫ ЗIМОВЫЯ ДНI

 

7.12.2014

Нядзеля

Васіліса кажа мне: трэба сёньня заняцца шопінг-тэрапіяй.

Не, гэта я прапаноўваю шопінг: скапілі колькі грошыкаў, вырашылі набыць адзежы і зімовы абутак, але я ўжо ведаю, што абутак мы не набудзем, грошай ня хопіць, давядзецца выбіраць альбо-альбо.

Мінула тры месяцы пасьля таго, як я быў аштрафаваны за перавышэньне хуткасьці на сорак два кілямэтры, плюс адсутнічаў тэхагляд. У мяне забралі талён кіроўцы, выпісалі штраф памерам шэсьцьсот тысяч, і гэта яшчэ мне пашчасьціла, за дзесяць год кіраваньня машынаю мяне ўпершыню спыняюць з такімі злоснымі парушэньнямі, бо звычайна я перад даішнікамі выдаваў на анёльчыка, файнага хлопчыка, які мог нашкодзіць ня болей чым на адну мінімалку, а тут адразу з мяне сьпісваюць шэсьць мінімалак!

Я кінуў машыну ў двары, моцна на яе пакрыўдзіўся, быццам яна была вінаватая, і даў сабе слова: да вясны за стырно ня сяду; тым болей калі на працягу года мяне спыняць за перавышэньне, дык ня будуць вагацца – адразу пазбаўленьне правоў на год і штраф памерам пятнаццаць мінімалак.

Сёньня я ня вытрываў, перад вачыма стаяў доўгі шлях пакут: кватэра – аўтобус – мэтро – гандлёвы цэнтар – гандлёвы цэнтар – гандлёвы цэнтар – крама – мэтро – крама – аўтобус – пехатою да супэрмаркета – пехатою дамоў. Жах!

Я завёў машыну прагрэцца, а сам вылез вонкі, каб ачыцьсіць яе ад сьнегу. За гэты час Васіліса нарэшце сабралася і спусьцілася.

Сядаю ў салён – і адразу вокны і лабавое запацяваюць. Васіліса заўважае, што сьмярдзіць ад мяне пасьля ўчорашняга алькаголю, як ад сьметніцы.

Паехалі.

Мінулі тры скрыжаваньні на праспэкце і пачалі падымацца на мост, за якім нас і чакаў даішнік.

Па жэстыкуляцыі разумею, што я ня проста трапіў у пастку, а сапраўды захрас. Паркуюся, вывальваюся з машыны, стараюся гутарыць супраць ветру.

  • Выбачайце, здаецца, перавысіў, але не нашмат, дробязь: на дзевяць кілямэтраў!
  • Ага, на дзевяць! На дваццаць тры!
  • Дык тут жа можна было раней восемдзесят!
  • Тут трэба шэсьцьдзесят!

 

Блядзь! Я ў думках ужо разьвітаўся з пасьведчаньнем, але гэта не падалося мне такім жахлівым, больш за ўсё мне не хацелася разьвітвацца з грашыма, бо меў з сабою акурат на штраф плюс яшчэ дробязь на чакалядку, і гэта азначае, што сёньня накрываецца медным тазікам усё: шопінг, кіно, крамы і вячэра зь віном.

Пакуль ідзем да даішных машын, а іх, схаваных пад мостам, ажно тры, з гучнагаварыльніка першай машыны чуецца:

  • Кіроўца Рэно, падыдзіце да першай машыны.

Я набліжаюся, сядаю на пярэдняе сядзеньне і стараюся як мага радзей дыхаць, бо выхлап пасьля гарэлкі самы жорсткі.

І тут ззаду мяне ляпаюць па плячы:

  • Ну табе і шчасьціць, чувак!

Я паварочваюся назад – а там кузэн Дзіма! Мой сваяк, якога ня бачыў мо больш за год!

  • Дзіма!
  • Так, я. Кажы… Піў учора?!
  • Не! – хлушу я і нават не чырванею.
  • Ладна, давай пасядзім у машыне, быццам я табе штраф выпісваю.

Сядзім, гутарым за жыцьцё, я назіраю, як на экране даішнага ноўтбука праносяцца патокамі машыны і кожная, абсалютна кожная перавышае на дзесяць, дваццаць, трыццаць кілямэтраў у гадзіну.

  • Ты не глядзі, што тут усе перавышаюць, цябе мы спынілі, бо ты сьвецісься ў нас адразу – паўторна парушаеш! Але ж і шчасьціць табе, я тут на дзяжурстве бываю раз на год!
  • Блін, Дзіма, а я яшчэ скарджуся на жыцьцё!
  • Добра, давай, едзь. І гэта… я сёньня заеду ў госьці да тваіх бацькоў, праведаю маці!
  • Добра.
  • Добра!

Я выходжу з даішнай машыны і накіроўваюся да сваёй.

Сядаю.

  • Васіліса, ты проста не паверыш, што зараз адбылося! З такім шанцаваньнем сёньня толькі ў казыно і ехаць!

Але ў казыно мы так і не паехалі.

 

8.12.2014

Панядзелак

Шмат хто ня любіць панядзелкі, а я люблю. За тое, што яны даюць магчымасьць пачаць штосьці ў жыцьці наноў. Збудаваць новы плян, пачаць дыету, альбо кінуць паліць, альбо адмовіцца ў працоўныя дні ўжываць алькаголь.

Вось, напрыклад, два тыдні таму, у панядзелак я вырашыў выпіваць толькі на выходных, каб больш-менш сачыць за сваім здароўем, ну і, вядома, атрымліваць большае задавальненьне ад пітва. Пакуль што ўсё ў мяне роўна, я ня лезу на сьценкі, ня думаю пра алькаголь як пра апошні подых для жыцьця, я яго ня сьню і ня мару. Я проста чакаю выходных…

Звычайна ў панядзелкі я люблю пачынаць штосьці новае ў творчасьці. Пішу замалёўкі, раблю накіды, якія на наступны дзень выдаляю, а калі не, то яны трапляюць на старонкі ў сацсэтках альбо ЖЖ.

Сёньня панядзелак і мне ёсьць пра што распавесьці. Героем нататкі будзе мой сабака, а дакладней – мая сабачка Хурма. Прыўкрасная сучка пароды джэк-расэл-тэр’ер. Мая шалёная сяброўка, завадны апэльсін, любімы пёс дзяцей у двары. Хурма неверагодна ласкавая і добрая, і захапляецца падчас гульняў усім, што бачыць: сваімі цацкамі і мячыкамі, тапкамі і шкарпэткамі дома, а на вуліцы – палкамі і плястыкавымі бутэлькамі.

Хурма за адну прагулку можа адшукаць да пяці плястыкавых бутэлек. І гэты эка-пёс звычана цягне здабычу мне, дае ў руку і павісае на бутэльцы. Гэта значыцца, мне трэба трымаць і адбіраць бутэльку, а яна ня будзе мне яе аддаваць. І Хурма здольная так гуляцца гадзінамі, пакуль у мяне рукі не адваляцца і я не адчую іх расьцягнутымі, як спагецьці.

Вось сёньня раніцай яна мне прывалакла па чарзе тры плястыкавыя бутэлькі па два літры з-пад піва “Бобров”.

Але ўвечары яна мяне зьдзівіла. Гляджу: імчыць аднекуль мая сабака, у зубах чорная бутэлька, і бяжыць Хурма так павольна, спатыкаецца, бачу, што і галава ў яе крыху набок, відавочна бутэлька не пустая!

І сапраўды, падбегла да мяне і, не ўтрымаўшы кінула пад ногі літровую бутэльку піва “Доктор Дизель”, поўную! Можа, толькі глыток пасьпелі зрабіць!

Я кажу Хурме:

  • Ты ўвогуле разумееш, што нарабіла?! Хтосьці ў двары мо апахмяляецца, мо толькі семкі раскрыў, цыгарэту закурыў і пацягнуў глыток піва, паставіў яго каля лаўкі, як тут раптам піва зьнікае, а навокал нікога, нават мінака самотнага, каб на яго, зладзюгу, падумаць!

А Хурма глядзіць мне ў вочы, хвастом махае, галавою круціць. Падабаецца ёй мая гісторыя.

 

9.12.2014

Аўторак

Сёньня мы, то-бок я, Васіліса і Хурма, ночым у маіх бацькоў. Мама моцна хварэе, і, калі ў жніўні дактары адмовіліся яе лячыць, мы пачалі жыць на дзьве кватэры: колькі дзён ночым у сваёй здымнай, колькі дзён жывем разам з маці. Пра яе хваробу я распавяду пазьней, бо сёньня мне мама расказала адну цікавую гісторыю.

Да майго юнацтва наша сям’я месьцілася ў дзевяцімэтровым пакоі, жылі ў трохпакаёўцы трынаццаць чалавек: бабуля, дзядзька, цётка, іх сябры, каханкі і жонкі разам з мужамі.

Кватэра была на першым паверсе, і аднойчы мы пачалі заўважаць, што на кухні часам зьяўляецца брыдкі пах… Некалькі разоў выклікалі сантэхнікаў, каб тыя праверылі падвал пад кватэраю, – ну яўна дзесьці штосьці працякло. Але нічога па выніку не знаходзілася, не выяўлялася і не выпраўлялася. Пакуль на кухні сапраўды ня стала невыносна знаходзіцца. Тады мы выклікалі міліцыю і прадстаўніка гарвыканкаму. Абшукалі суседнія кватэры, трубы, стаякі. А напрыканцы, у падвале, знайшлі мерцьвяка.

Мужчына быў задушаны і за горла прывязаны да трубы, за якую ён і заваліўся і паціху, пакрысе пачаў ссыхацца, бо труба была цёплая, надвор’е сухое, а потым ужо, пазьней, пайшоў смурод наверх па вэнтыляцыі.

Мы ўсёй сям’ёй назіралі праз вакно, як з-пад нашай кухні выносілі мерцьвяка.

Настала ноч. Цётка мая зусім маладая была, зялёная, адным словам, дзядзька недзе бадзяўся, бацька прыйшоў дамоў п’яны і адразу заваліўся спаць. А я потым лічыў яго самым шчасьлівым на сьвеце чалавекам. Дома была бабуля, якая рана заснула, ну і я з маці і малодшым братам.

Цішыня, кожны намагаецца ў сваім ложку паснуць, але перад вачыма мярцьвяк, згадкі пра трубу, провалаку на шыі…

І тут з кухні раптам чуваць: “ТУК”… Праз хвіліну яшчэ раз – “ТУК!” Потым яшчэ раз “ТУК!”

Усе саскочылі з ложкаў і ціхенька пасунуліся па калідоры… Маці хацела ўключыць сьвятло, але бабуля яе спыніла і зашаптала:

  • Ты што робіш, нельга нябожчыка турбаваць, бачыш, цела яго забралі, а душа грукаецца! Давайце маліцца, і грукат сьціхне, супакоіцца мёртвы!

Ноч. У калідоры я, мая маці, бабуля і цётка, усе молімся, жагнаемся… А грукат усё не сьціхае, хоць і суцішыўся па тэмпе: цяпер “ТУК” раздаецца раз на хвіліну.

Ужо амаль на сьвітаньні, з дазволу бабулі ўсе мы пацягнуліся ў ложкі, стуку ўжо доўга не было чуваць.

Позьняя раніца, на кухні першаю зьяўляецца мая маці і пачынае гучна сьмяяцца і клікаць астатніх. Мама нават не сьмяецца – рагоча. Бабуля вылятае са свайго пакоя, ледзь ня зьбіўшы мяне з ног, уся зьбянтэжаная, крычыць: “Зьехала з глузду! Дурная!”

Але мая мама не звар’яцела пасьля начных жахаў. Мама выявіла, што калі яна ўвечары заліла вадою вялікую фасолю на суп, то талерка апынулася замаленькаю, фасоля набрала вады, набухла і пачала вывальвацца з талеркі на стол, які стаяў крыху скасабочаны. І вось коціцца набухлая фасоліна са стала і падае на драўляную падлогу: “ТУК!!! ТУК!!! ТУК!!!”

 

10.12.2014

Серада

Сёньня ў мамы не працуе тэлевізар. Ня ведаю, што там робіцца з грэбаным Космас TV, але маміна сядзелка Анна – проста нястрымны фантан гукаў, размоваў і проста воклічаў – бадзёрая жанчына за шэсьдзясят. Вельмі гучна і несупынна размаўляе і сьмяецца так неверагодна!

Нам Анна падабаецца, бо яна ў нас нядаўна, а ўжо разварушыла маму, ды так, што яна ізноў пачала сачыць за падзеямі ў сьвеце, сама на днях гатавала ежу і пачала глядзець сэрыял.

Пра жудасны дыягназ – рак – мама даведалася дваццаць пятага сьнежня 2007-га, і яе тэрмінова накіравалі на апэрацыю, без чаргі.

Апэравалі трыццатага, і трыццаць першага мы ўжо былі ў мамы. Яна выглядала маленькаю і моцна плакала, мы стаялі каля яе, а вакол нас пачынаўся Новы год.

Доктар сказаў, што шанцаў амаль няма – трэцяя стадыя, назіраюцца мэтастазы.

І ў нас пачалася ў сям’і барацьба, і тое, што мама да гэтага часу жывая, хоць яе ўжо адмовіліся лячыць і яна запісаная пры хосьпісе, але знаходзіцца пад нашым даглядам, робіць яе неверагодна моцнаю і мужнаю жанчынаю, героем нашага часу. Мамаю, якая здолела насуперак усім дактарам пражыць у восем раз болей чым ёй казалі.

Зь верасьня яе стан пагоршыўся да вусьцішнага, яна схуднела, твар пашарэў, вочы пацямнелі, і яна сама пачала казаць, што больш гэтага не вытрывае, яна стамілася і хоча ціхенька памерці. Я ад гэтага так пакутаваў, што зарабіў сабе першую стадыю псарыязу… Нэрвы, халера на тое.

А тут ужо і сьнежань, і вось становішча мяняецца, і мама гучна размаўляе і жартуе, і бацька менш п’е, і ў нас з Васілісаю зьявіліся дні, калі мы ізноў ночым і жывем у нашай кватэры…

Яшчэ ў 2008-м я сказаў сабе, што напішу пра маму раман, самы неверагодны і шчыры, як у Рамэна Гары… Такі раман, які адлюструе ўсе мае пачуцьці да мамы і апіша яе жыцьцёвыя будзённыя подзьвігі. Але да гэтага часу не напісаў, бо баюся, што калі пачну, яна мяне пакіне. Гэта як быццам ты пішаш пра чалавека, якога ўжо не стала. А я хачу наадварот.

 

11.12.2014

Чацьвер

Тры дні мой дзядзька не выходзіў на сувязь. Ён яшчэ пяць год таму кардынальна зьмяніў жыцьцё: выйшаў з турмы, адпрацаваў на заводзе “Атлант”, пакуль быў пад наглядам, вывучыў па кнігах праграмаваньне, ажаніўся, у яго нарадзіліся два сыны, ён адчыніў сваю прыватную справу – стварэньне сайтаў па замове.

Мой дзядзька старэйшы за мяне на шэсьць год, мы з ім добра сябравалі ў маім дзяцінстве… Яго таксам завуць Сяргей. Мой дзядзька Сяргей кінуў наркотыкі восем год таму, але, як пісаў Бэроўз у рамане “Джанкі”, акрыялага наркамана няма, ёсьць проста наркаман, які робіць паўзу, саскоквае, але ўсё гэта часова. Вось і мой дзядзька сарваўся. Ён вырашыў прадаць свайго “жучка” і праз знаёмых на яго выйшла нейкая пізда Тома, якая падсадзіла яго летам на новыя сынтэтыкі. Мой дзядзька Сяргей за некалькі тыдняў скаціўся ў канаву жыцьця, пачаў падазраваць, што жонка яго не кахае і здраджвае яму, і ён нават ня думае пра тое, што жонка нарадзіла яму двух сыноў, чакала яго сем год з турмы, чакала аддана і шчыра!

Новыя наркотыкі – д’ябальская сынтэтычная сумесь. Новыя наркотыкі зь першага разу парушаюць мозг: шалёная падазронасьць і маніякальныя думкі давялі майго дзядзьку да “Навінак”, куды яго прымусова зьмясьцілі на колькі тыдняў. Але калі ён выпісаўся, то адразу накіраваўся да жончыных бацькоў, дзе цяпер жылі сыны разам з маці. Майму дзядзьку здавалася, што дзяцей пачнуць выкідаць з акна, і так ён прастаяў усю ноч, разам з бабуляй, якая прыехала са Студзёнак, каб яго супакоіць.

Нэрвы ва ўсіх проста трашчаць і лопаюцца, мы ня можам нідзе яго знайсьці. Бабуля ляжыць амаль непрытомная… Да гэтага празваніла ўсе патрэбныя ўстановы, шукаючы сына або ягонае цела.

І ўжо пад канец трэцяга дня, позна ўвечары, калі бабуля, да таго як сесьці на электарацыю ў накірунку Стаўбцоў, бо дзед там адзін, гатаваць не ўмее, ізноў паехала праверыць, мо дзядзька Сяргей выпадкова вярнуўся дадому. Яна засьпела яго ў ложку, бруднага, сьмярдзючага, схуднелага і ледзь прытомнага.

Мы ня ведаем, што зь ім рабіць, гэта абрынулася на нас як нейкі праклён. Усё было роўна, ціха, і мы ўсе толькі радаваліся, што ў дзядзькі такое ладнае жыцьцё: лецішча, новая кватэра, свая праца, рыбалка, прыгожыя сыночкі, любячая жонка, машына “жук”, пляны на будучыню… і тут раптам зьяўляецца нейкі дробны бес у жаночым абліччы, такі суккуб, які расчыняе пастку мінулых жахаў і зацягвае туды ахвяру цалкам.

 

12.12.2014

Пятніца

Сёньня мы едзем да нашых сяброў Антона і Іры Хаткевічаў у Тарасава. Яны жывуць у сваім доме, разам з двума сабакамі пароды хаскі. Думаю, Хурма звяр’яцее ўвесь вечар насіцца па двары, пакуль мы будзем гатаваць шашлыкі і выпіваць.

Шчыра скажу, свой дом – гэта нашая з Васілісай жыцьцёвая мара, і нават ня проста свой дом, але хутар, сяліба падалей, маёнтак, на добрай адлегласьці ад гарадоў, але дасяжны для нашых сяброў. Мара жыць дзеля творчасьці – пісаць, маляваць, назіраць і ня думаць пра тое, дзе і як зарабіць грошы.

 

13.12.2014

Субота

Такога мы не чакалі, але Хурма не дала нам ні хвіліны адпачыць. Ад такой колькасьці новага ў доме сяброў яна была ўся ў напружаньні, сабак ганяла, бо тыя маладзейшыя за яе і нязграбна запрашалі гуляцца, што відавочна яе раздражняла. У доме яшчэ жывуць чатыры коткі, і гэта таксама стала фактарам таго, што Хурма бесьперапынку іх шукала і скуголіла… Вялікі акварыюм таксама быў прыкмечаны… Я ў сваю чаргу разам з сабакамі піў піва з аднаго кубка (напэўна таму і атруціўся? альбо вінаваты недагатаваны шашлык?), мы ўсе разам глядзелі “Зорныя войны” і “Аблівіюм”.

Антон добра ведае навуковую фантастыку, што мяне на дадзены момант моцна хвалюе…

А вось і яны, дзьве чароўны хаскі, адну завуць Лілу, другога Далас, і разам яны Лілу Далас – прывітаньне фільму “Пяты элемент”!

Свой дом – цуд, але цуд гэты цяжка даглядаць, бо тое адразу тры паверхі пакояў і рэчаў, якія пакрываюцца пылам.

Сёньня ўвечары да нас прыяжджалі Андрэй Фаміцкі і Алесь Емяльянаў, пілі віно, гутарылі пра Макулатуру і Тэкстуру, спрабавалі вызначыць паэта як паэта, як не проста чалавека, што піша вершы, але які натхняе быць паэтам, Паэта паэтаў, Паэта паэтаў паэтаў! Прыйшлі да высновы, што ў нас мала паэтаў, іх адзінкі, хоць піша шмат хто.

 

14.12.2014

Нядзеля

Сёньня раніцай сустрэў знаёмага, ад якога пачуў проста галівудзкую гісторыю.

Ёсьць такая Вікторыя, і яна вядзе вэбінары на тэму “як выхоўваць дзяцей”. І вэбінары яе карыстаюцца папулярнасьцю праз тое, што шмат хто хоча паглядзець і паслухаць гэтую вар’ятку. Вікторыя дзяцей не выхоўвае, яна іх дрэсіруе. Напрыклад, калі ім ад яе штосьці трэба, яна прымушае іх выконваць розную працу, каб адчапіліся; яна на іх крычыць і можа лёгка сказаць “заткніся” толькі таму, што дачка ў яе просіць мабілку пагуляць. У Вікторыі тры дзіцёнкі, усе зацюканыя і выглядаюць так, быццам іх катуюць.

Вікторыя жыве ўжо чатыры гады адна, муж зьехаў, бо ня вытрываў.

І вось уявім такую карціну: прыватны дом, Ільля раніцай пье каву, яго новая дзяўчына сядзіць насупраць, усьміхаецца… Простая ранішняя ідылія. У дзьверы пазванілі, і Ільля пайшоў адчыняць.

На парозе стаіць былая жонка і трое дзяцей.

  • Я восем год жыла з гэтымі неданоскамі, цяпер настала твая чарга, бо я больш не магу. – кажа Вікторыя і сыходзіць.

Ільля крычыць ёй у сьпіну:

  • Як гэта разумець?! Ты куды?!
  • Я на Канары!
  • Калі цябе чакаць?!
  • Мяне больш ня трэба чакаць!
  • Ты разумееш гэта, Сяргей? – кажа мне Ільля ў краме. – яна вось так і зьехала…

А я гляджу на дзяцей, што вакол яго носяцца, і бачу, як дзецям файна з бацькам, якія яны жвавыя, вясёлыя.

  • Ільля, ты ж паглядзі, ты дзецям дорыш цуд дзяцінства і бацькоўскую любоў. Яны ж з маці раней жылі як у канцлягеры!
  • Гэта так, але ж ад мяне сышла дзяўчына.
  • Ну і што? Самотны мужчына з трыма дзецьмі – гэта ахраненна рамантычна!

 

15.12.2014

Панядзелак

Што сказаць, другі дзень на абаранках і гарбаце не надае імпэту шматсловіць… але ўнутраная гармонія і чысьціня прымушаюць больш разважаць. Я лічу гэтае атручаньне карысным… Цяпер я бязважкі: страўнік пусты, галава яскрава зьзяе, ажно трымціць, думкі рознакаляровыя, разважаю над тым, што даўно варта было б пачаць жыцьцё з атручаньня, калі адмова ў алькаголі, адмова ў смажаным, вэнджаным і закатаным надае быцьцю хараство першага нараджэньня, і думкі лунаюць нашмат вышэй, і хочацца адначасова кахаць, сьмяяцца і плакаць.

 

16.12.2014

Аўторак

На выходныя прыяжджаў брат. Ён з жонкай жыве ўжо другі год у Маскве, яго Каця мае расейскае грамадзянства, таму яны вырашылі падзарабіць грошай у Маскве, а потым пераехаць у Менск, пачаць будаваць кватэру, заняцца бізнэсам.

Мой брат працаголік, за шмат месяцаў мэтанакіравана дабіўся сваёй мэты і пачаў атрымліваць салідны заробак… Як сапраўдны беларус, ён раіў сваёй жонцы і цешчы, каб тыя перавялі свае банкаўскія рахунакі з расейскіх рублёў у даляры, але безпасьпяхова, яму адказвалі, што з рублём нічога ня здарыцца, і па выніку цяпер на рахунках знаходзіцца ўжо не траціна на кватэру, а сума, роўная двум шопінгам.

Жонка брата, Каця, пачала рабіць мыла ручной працы. Было вырашана раскруціць гэты бізнэс.

Сядзім на кухні, Васіліса пытаецца ў Лёшы, брата майго, а як яны зьбіраюцца гандляваць у такой далікатнай “мыльнай” сфэры, калі тая й так раскручаная і мае высокія запросы і канкурэнцыю, на што мой малы адказаў, маўляў, цяпер замежныя кампаніі амаль не гандлююць самаробным мылам у Маскве, самы час заняць вольныя месцы, і дадаў, што мыла ў іх будзе ў выглядзе мішак.

  • Ну ня ведаю, – кажу я, – мішкі… мыла… неяк не пасуе!
  • Ой, Сяргей, у Расеі мядзьведзі пасуюць усяму, што хочацца прадаць! Ад гарэлкі і прынтоў на саколках, да мыла і рэклямы інтэрнэта зь мішкамі!

Мы пасьмяяліся… Усё так. Усё так…

 

17.12.2014

Серада

Як гэта звычайна бывае ў нашых прыватных выдаўцоў, не напалоханых канкурэнтнасьцю рынка, – зацягваньне з выданьнем кнігі. Да эпічных памераў. А ў мяне абставіны склаліся так, што я лёгка магу працытаваць першыя радкі з верша Бродзкага:

Я пришел к Рождеству с пустым карманом.

Издатель тянет с моим романом.

<…>

Я сижу на стуле, трясусь от злости.

Блядзь, я рэальна сяджу на крэсьле і мяне трасе! Я яшчэ ў жніўні аддаў рукапіс у друк… але ж усе мы ведаем, колькі можна чакаць сваёй кнігі!

Ладна, пакуль кніга сасьпявае – а яна мусіць яшчэ крыху паляжаць у выдавецтве, набрацца соку… – я крыху распавяду пра яе, тым болей, што цікавосткі пра сёньняшнюю сераду сьціплыя: у мяне зьявіўся зуб з вялікай дзіркаю, у ёй – лекі да дваццаць дзявятага сьнежня: мой страўнік паводле адчуваньняў таксама падобны да дзіркі, толькі больш вялікай, і галава хвалямі расколваецца на часткі ад болю, да ўсяго яшчэ ў мяне ізноў па-вар’яцку ныюць ногі, і робяць яны гэта звычайна ў такое надвор’е, як цяпер: туман, дождж, волка, паўсюль разьмяклая зямля і сабачае лайно. Дарэчы, пра лайно і разьмяклую зямлю: трэба даведацца, гэта толькі ў нас пасыпаюць зімовыя дарожкі і сьцяжынкі пяском? Чаму гэта робяць? Чаму распаўсюджваюць бруд? Чаму ня робяць, як у Нямеччыне: дарогі апрацоўваюцца сродкам, якія растварае сьнег, і асфальт робіцца сухім і блішчыць? І гэта ня соль і ня цукар!

Кніга мая “Усё Ўлічана. All inclusive” – працяг ужо выдадзенай у 12-м “Кантынэнтальнага сьняданку”, бо я заўважыў, што мне ўсё яшчэ ёсьць што сказаць на тэму “жыцьця гатэля”… Ня ведаю, ці варта тут, у дзёньніку, наконт гэтага шматсловіць, бо тое, што ў рэшце рэшт мусіць пабачыць сьвет, адказвае на ўсе пытаньні праз інтэрвію, зьмешчанае ў кнізе. Сьледам ідзе частка “Кантынэнтальны сьняданак”, якую я падрэдагаваў і месцамі выправіў, потым другая, новая частка “Швэдзкі стол” і завяршае кнігу рэцэнзія Ганны Кісліцынай, напісаная для газэты “Зьвязда”. І ўсё. І я б яшчэ дадаў, што вельмі чакаю гэтую кнігу, яна для мяне кропка, прыступка, адолеўшы якую я пазбаўлюся ўсяго, што да гэтага было мною напісана, сканцэнтруюся на новым. Так бы мовіць, кніга мусіць завершыць мой шасьцігадовы творчы шлях.

Я ўпэўнены: наколькі інтэнсіўна і незваротна душаць усё, што тычыцца культуры, наўпрост залежыць ад таго, што амаль усе чыноўнікі, якія займаюць адказныя пасады альбо ўвогуле проста прыехалі працаваць зь “іншай краіны”, ня маюць да гэтай зямлі ніякага дачыненьня, ім тут нічога ня трэба, акрамя грошай. Яны ня маюць любові і здольныя падпісваць самыя розныя дакуманты і паперкі, якія ў сваю чаргу зачыняюць кнігарні, пазбаўляюць ліцэнзіяў, магчымасьці выдаваць кнігі, расфарміроўваюць музэі і робяць там бардэлі, выганяюць культурныя кампаніі і на іх месцы адчыняюць сэкс-шопы… Я нават баюся ўявіць сабе наступны год… Дзе будуць прадавацца кнігі? Хто яшчэ будзе мець імпэт і жаданьне ўвогуле іх пісаць?!

 

18.12.2014

Чацьвер

Так, гэты месяц ня самы вясёлы для таго, каб весьці дзёньнік, але ж ён і апошні ў гэтым годзе і дае мне права пісаць ня толькі тое, што адбываецца ў маім побыце, але ўзгадаць амаль ужо мінулы год, узважыць свае памкненьні, паглядзець на тое, што атрымалася (ці не) звонку…

Сёньня ўвесь мой дзень заняты Макулатураю. Наш з Васілісай часопіс на вачах загінае, ён падобны да дзіцяці, якое толькі пачало хадзіць, а доктар кажа, што ён не кульгае, а ў яго проста адвальваюцца ногі. Трымайцеся.

У нядзелю я размясьціў інфармацыю ў сацыяльных сэтках, такі роспачны крык: “Cябры, за апошнія паўгады абставіны склаліся так, што «Макулатура» трапіла ў пазыкі, і мы баімся, што сёмы нумар нам ня выдаць, не хапае 750 даляраў, выдавецтва адмаўляецца друкаваць новы нумар, бо мы яшчэ не разьлічыліся за мінулую «Макулатуру 6 – Славацкую». Нейкім дзіўным чынам часопіс больш не купляюць, а калі ўлічваць, што мы прадаемся толькі ў 2 кропках, адну з каторых зачынілі, а другую спрабуюць зачыніць, усе спадзевы выключна на вас, неабыякавых. Беларуская рэальнасьць не дае шанцаў на жыцьцё часопіса, і мы просім вас падтрымаць друк «Макулатуры 7 – Шалёнай». Усё сабраныя грошы пойдуць ТОЛЬКІ на друк. На выходных (20 і 21) усіх чакаем у гасьцях на кватэры Паляніных-Календаў”.

І людзі пачалі пісаць і раіць шмат карыснага, і ёсьць тыя, хто хоча ў суботу прыехаць, і гэта абнадзейвае, дае шанцы давесьці Макулатуру да дзясятага нумару на паперы, а там пашырыць сайт, дадаць, акрамя прозы і мастацтва, паэзію і эксперыментальнае кіно ды пачаць дыхаць глыбей і вальней.

Я проста дзіву даюся, наколькі нікому нічога тут ня трэба, ніхто нічога не купляе, не мяняе сваё жыцьцё, нікуды не імкнецца… Толькі растуць чэргі вакол абменьнікаў, чэргі ў гіпэрмаркетах і літоўскай амбасадзе, каб паехаць у Вільню і там пастаяць у чарзе ў “Акропалі”.

 

19.12.2014

Пятніца

Значны дзень для таго, каб забіць сябе! Гадавіна Плошчы… даляр ізноў ябе беларусаў… заблякаваныя сайты, у сеціве абсалютна не сьвяточны настрой… паўсюль прарасейскія выкрыкі і прапановы… мой сябра Максім Ш. кажа, што нам варта не ў Эўропу імкнуцца, каб ня стаць як літоўцы – заробак як у беларусаў, кошты як у Эўропе… але і да Расеі ня варта… але праблема нашая ў тым, што Расея ў нашых галовах, і спачатку адтуль трэба ўсё павытрасаць як мае быць.

Мой сябра Максім Ш. – вар’ят, юрыст-вар’ят. Ён адважыўся на тое, на што не адважыцца абсалютная большасьць беларусаў. Ён стаў мараком, вырашыў на год закінуць падалей свой юрыдычны чамадан і проста выправіцца на рыбалоўным судне ў мора. Я яго за гэта паважаю, ягоны ўчынак – гэта ўчынак моцнага чалавека, які вольны сам вырашаць свой лёс. У Максіма моцна адчуваецца творчы пачатак, у яго ёсьць густ. Ён робіць выдатныя фотаздымкі. Ён лёгка перакладае на беларускую мову, ён шмат часу праводзіць на ровары. Я яму сказаў, каб ён на караблі пачаў занатоўваць свае думкі, жыцьцё, падзеі, і ён бярэ з сабою нататнік! Цудоўна! Праз год я чакаю ад яго шэдэўр!

Дарэчы, у нас зь ім дамова: ён падпісвае мне паштоўкі зь месцаў, дзе падарожнічае і спыняецца ў партах… Чакаю ад яго паштоўку з адбіткам вуснаў якой-небудзь партовай прастытуткі… Карацей, рамантыка!

Я хвалююся за Максіма, але ведаю, што ўсё будзе выдатна, ён мусіць знайсьці ў сваім сэрцы і душы гармонію, ачысьціцца ад усяго побытавага і перамагчы гэтую шалёную водную стыхію!

 

20.12.2014

Субота

Сёньня ўвечары мы чакаем гасьцей, знайшліся ахвотныя ахвяраваць грошы на часопіс… мяне гэта натхняе – людзі, якім неабыякавы лёс Макулатуры нават у такі час, калі кожны грошык хаваецца ў матрас.

А Макулатура дзіўна зьявілася. Спачатку як цьмяная ідэя, спрэчная, шмат хто не ўхваляў менавіта такі напрамак, шмат хто раіў сваё наконт гэтага, потым часопіс пабачыў сьвет у сеціве, а затым другі нумар зьявіўся на паперы, далей – сайт, выступ амбасадарара Брытаніі на імпрэзе, дзьве выставы ілюстрацый часопіса… і нават зьявіўся першы невялікі грант на пераклады ад Славакіі. І вось, здавалася б, застаецца толькі рухацца наперад, друкаваць украінскую Макулатуру, шалёную і стрыт-артаўскую, а потым найлепшую, дзясятую. Але ізноў праект буксуе, ніяк ня можа выйсьці хаця б у нуль.

Сёньня ўвесь вечар пілі “каляднае” піва з гвазьдзікамі, елі сыры, шмат жартавалі і сьмяяліся, да нас прыходзіў цудоўны Сяргей Сакума, наш дарагі мастак, які зьбіраецца на пмж на сваю другую радзіму ў Японію, прыходзіла Ганна Бундзелева і Іра Куц, нам з В. было ўтульна, пьяна, і Хурма весялілася да адурэньня, ажно пакуль не пачала заляцацца да ног гасьцей. У такія часіны разумееш, што можа зьнікнуць улада, даляр – парваць усе сувязі са зьнешім сьветам, але калі ёсьць цудоўныя людзі, зь якімі ты можаш пра ўсё забыцца, гэта вартае таго, каб жыць тут і цяпер.

 

21.12.2014

Нядзеля

Зразумела, што ўчорашняя гулянка нікуды ня зьнікла, яна адбілася на твары, выпала асадкам у роце і страўніку, і я адчуваю сябе як чалавек, які мусіць хутка памерці, бо зазірнуў у пекла.

Вось я не разумею, чаму ў нас пад вокнамі заўсёды забруджана. Здавалася б, я кожны дзень бачу, калі гуляю з Хурмою, як прыбіраюцца, як штодзень накалваюць сьмецьце на доўгія кійкі, як не пакладаючы рук працуюць жанчыны і мужчыны прыбіральшчыкі… але сьмецьце пад вокнамі ўсё роўна зьяўляецца.

Вось пустыя бутэлькі з-пад піва і колы, вось пакункі ад чыпсаў, шкуркі ад мандарынаў, кавалкі хлеба, шалупіньне ад яек… Гэта як? Гэта чаму так? Гэта што, сядзіць такі чалавек дома, напрыклад, п’е піва, а потым у фортку бутэльку разам з рэшткамі воблы? Я не разумею!

Асабліва я не разумею, як можна выкідаць праз вакно выкарыстаныя гандоны альбо пракладкі, а таксама недапалкі! Гэта ж нікуде не зьнікае! Гэта ж ляжыць так пад домам і ўсё!

Пра што думае той мудак? Ну, кончыў ён у гэты самы прэзэрватыў, стаіць каля форткі і спачатку сваю гумку, а за ёй і недапалак – хуяк у вакно і такі: “Бляяя, няхай усе ведаюць: я патрахаўся і пакурыў!”

Сёньня пахмельле, сёньня і так ня хочаца жыць, а тут яшчэ гэты бруд паўсюль.

 

22.12.2014

Панядзелак

 Было б добра заняцца спортам, я пачынаю ціха ванітаваць ад самога сябе.

Гэта дзіўна, як шмат цяпер расейцы жартуюць… Камэдзі клабы проста трашчаць ад гумару… Такое адчуваньне, што яны гатовыя жартаваць да вар’яцтва, абы толькі не разглядаць рэальнае становішча ў краіне. Як мы ў дзяцінстве казалі: “Сьмех без прычыны – прызнак дурачыны”. І вось на адной восьмай частцы сушы людзі сьмяюцца і жартуюць, сьмяюцца і плачуць, сьмяюцца і сьпяваюць маршы.

Сазвоньваўся з Альгердам Б., і ў яго настрой ня зь лепшых. Самае жудаснае – чаканьне выхаду кнігі. Альгерд хвалюецца, а я перастаў хвалявацца наконт сваёй кнігі, мяне больш хвалюе грашовае пытаньне пасьля новага году. Добра было б зьехаць ізноў куды-небудзь.

Быў час, калі я з Альгердам бачыўся часьцей, ніж цяпер, калі ён жыве ў адным са мною горадзе.

На Альгерда я заўсёды гляджу як на старэйшага брата, я яго заўсёды пільна слухаю, мне падабаюцца ягоныя парады, мне падабаецца абмяркоўваць зь ім што заўгодна… Былі выпадкі, людзей абурала, што мы сябруем. Сапраўды, знаходзіліся такія вар’яты, якія так лічылі. Сьмешна, вядома, але людзі апускаліся да гнеўных тэкстаў, пагроз, спаму нянавісьці, быццам бы калі я стаўся сябрам Альгерду, я заняў чыёсьці месца, кагосьці пасунуў на другі плян.

Гэта было раней, калі я толькі пачынаў пісаць і Альгерда (тады яшчэ доўгавалосага) бачыў здалёк, пакуль не запрасіў у нашу шалёную кампанію алькаголікаў-мастакоў-пісьменьнікаў выпіць, каля Дома Дружбы Народаў. Тады я ўпершыню загаварыў зь неверагодным аўтарам “Сарокі”… На той час я вельмі сумняваўся ў вартасьці таго, што пісаў, і адзіным чалавекам, які мяне запэўніў, каб я не спыняўся, быў Альгерд, ён сказаў, з характэрнымі для інтрыгі паўзамі: “Я прачытаў тваю першую кніжку… мне спадабалася… ня ўсё, але збольшага… гэта моцны пачатак”.

Калі Альгерд прамаўляў гэты сказ, я пасьпеў адчуць усю гаму эмоцый – ад хваляваньня і да неверагоднага шчасьця… Гэта быў вечар, мы ішлі па вуліцы Сурганава, стаяла зіма, з намі за кампанію ішоў украінскі перакладчык, які гасьціў у Альгерда, Зьміцер В., і колькі сяброў, я бачыў перад сабою толькі свае ногі, якім усьміхаўся, і даваў сабе слова, што калі Альгерд знайшоў гэты першы блін цікавым, варта давесьці сваю творчасьць да неверагодных палётаў, бо цяпер зьявілася адказнасьць.

Альгерд Б. шмат у чым мне дапамог, мы шмат чаго разам перажылі, шмат выпілі і прачыталі, шмат абмеркавалі і перажылі, і гэта бясцэнны для мяне жыцьцёвы вопыт. І ўжо пасьля Альгерда Ганна Кісліцына дадала маю першую кнігу ў сьпіс “5 лепшых кніг года” на Радыё Свабода, і Адам Глобус уключыў яе ў шорт-літ “Залатой Літары 2009”. Некаторыя нават пачалі ў мяне запытвацца, колькі я заплаціў за прамоцыю сваёй кнігі, ніхто не хацеў верыць у тое, што кніга сама сабе пратаптала шлях.

 

23.12.2014

Аўторак

Сацсэткі забітыя вынікамі года: хто што толькі ня піша – падарожжы, публікацыі, пасьпяхова завершаныя справы, новыя кнігі, карціны, фатаздымкі. А ў мяне гэты год абсалютна пусты: мае тэксты нідзе не друкавалі, хоць я рабіў рассылку адразу ў тры часопісы і чатыры газэты, мяне не ўзялі на тры працы, мне не адказалі на ліст з прычэпленым CV дзьве сур’ёзныя арганізацыі, у мяне ня склалася праца ў прыватнай школе, кніга ў Логвінава ня выйшла, маці цяжка хварэе…

І толькі ў сябра майго, Алеся Бацкеля, сьвята на двары: Тэкстура друкуе, Радыё Свабода ўзяла адзін маленькі тэксьцік, у часопісе Макулатура пойдзе тэкст у сёмы нумар, нарэзку кароткіх апавяданьняў узялі ў адзін зборнік прозы… У Алеся выйшла другая кніга “Маёнтак Рыбы”, на якую ўжо напісаныя дзьве цудоўныя рэцэнзіі ад Альгерда Бахарэвіча і Алеся Аркуша. І тут яшчэ ён са сваёй кнігай трапіў у шорт-ліст прэміі ТВЛ «Гліняны Вялес – 2014».

 

24.12.2014

Серада

Паехаў да мамы ў абед, сядзім, гутарым, сёньня яна сябе адчувае лепей, чым учора, але горш, чым пазаўчора… Мама распавядае пра тое, што ўчора да яе прыяжджала сяброўка дзяцінства, ня бачыліся больш за дзесяць год, але, на жаль, нагодаю да наведваньня стала хвароба. Мама са сваёй сяброўкаю кожны дзень на тэлефоне вісіць, але нават ужо і не спадзявалася, што тая прыедзе ў госьці. Сяброўка жыве ў Капылі, займае пасаду ў выканкаме.

Вечар, мама чакае яе, чакае і чакае… Тая са спазьненьем на гадзіну нарэшце дабіраецца і распавядае, што выйшла з мэтро, прайшла прыпынак, знайшла салатавы дзевяціпавярховік, набрала дамафон, ёй адчыніў нейкі хлопец, распрануў, завёў на кухню, заварыў гарбаты, адрэзаў торт і кажа: “Зараз жонка ўжо прыедзе, пачакайце…”

А сяброўка глядзіць на хлопца і думае, што гэта я, старэйшы сын, той самы падшыванец, якога яна памятае яшчэ малым пад сталом і ў калготах. Сяброўка і кажа: “А дзе Іна?” Хлопец не разумее: “Якая Іна?”

  • Маці твая! Іна… Ты ж Сяргей?!
  • Не!
  • Стоп, а куды гэта я трапіла? – называе адрэсу.
  • Не, гэта іншы дом, вам патрэбны суседні!

Маміна сяброўка памылілася домам і трапіла ў кватэру, дзе малады чалавек чакаў у госьці сваячніцу жонкі, якую ніколі ня бачыў.

Нашыя спальныя раёны без рысаў і твараў выглядаюць настолькі аднолькава, што хутка ўжо і тыя, хто жыве ў гэтых інкубатарскіх кватэрках, пазбавяцца рысаў і якасьцяў, і ўсе навокал будуць езьдзіць да кожнага ў госьці, нават не запісваючы адрэсу, а так проста, завітваючы ў любы суседні пад’езд.

 

25.12.2014

Чацьвер

Раство.

Настрой сьвяточны. Сёньня будзем у маіх бацькоў сьвяткаваць, бо тата мой каталік, а мама праваслаўная, і мы звычайна адзначаем тройчы: 25, 31 і 7… Мама мая, як звычайна ў сьвяточныя дні, сумная, бо на сьвяты яна даведалася пра хваробу і перанесла апэрацыі, але калі зазірнуць глыбей, у больш далёкае мінулае, то і там ад сьвятаў нічога сьвятога ня знойдзецца, адвечныя сваркі з бацькам… То яму на мабілку прыходзяць смс ад нейкай жанчыны, а то звоняць на хатні, а то, калі не было мабільных, яму на пэйджар прыходзілі паведмаленьні з віншаваньнямі і прызнаньнямі ў каханьні. Мая мама ведала, ад каго гэта, і ўсчынала разбор палётаў, але аднойчы ня вытрымала, даведалася адрэсу і паехала, адна… прыехала, выцягнула тую бацькаву жанчыну ў калідор – і за валасы аб парэнчы. Разьбіла ёй твар.

Альбо быў выпадак, калі мой бацька пад самае Раство піў зь сябрамі у бары і вырашыў пазаляцацца да нейкай жанчыны. Яго папярэдзілі мужчыны каля барнай стойкі, каб не чапляўся да чужых жанчын, але ён не паслухаў. І прывезьлі яго п’яныя сябры замест бальніцы дадому – з носам, убітым у галаву…

Дзіўна, як моцна трымаюць нас успаміны дзяцінства, як яны выбудоўваюць у нас погляды і меркаваньні, як накладаюць на будучыню канкрэтны код паводзінаў і сьветапогляду… Але ня будзем зараз, на Раство, пра такое…

 

26.12.2014

Пятніца

Сёньня прыяжджаў у госьці Алесь Бацкель, выпілі, пагутарылі, ён распавёў, што ніяк ня можа дапісаць раман, які пачаў яшчэ два гады таму, сказаў, што спыніўся на другой частцы, а ўсяго павінна быць трыццаць. Адчыняе дакумант, бачыць першыя радкі – і ўсё, быццам трапляе ў нейкую багну…

Я яму таксама распавёў, што апошнім часам, пасьля таго як скончыў сваю “гатэльную кнігу” летам, галаву быццам спустошылі, вытраслі ўсе словы і літары, толькі вены на скронях пульсуюць. Спарадычна зьяўляюцца нейкія тэксты, урыўкамі, незавершаныя накіды… Вось хаця б дзёньнік пачаў пісаць.

Алесь адклаў раман, заканчвае сваю другую кнігу кароткай прозы “Яблыневы Маёнтак” і будзе рабіць перапынак, і ня проста перапынак, але фантастычны: ужо заліў на свой Кіндл Азімава, Кларка, Рэйнальдса, Ноэля, Сыманса, Бэнкса, Вонэгута, Нівэна, Карда і іншых. Кажа мне, што шмат разважае пра тое, як бы выглядала грамадзтва, калі б атрымалася дакладна высьветліць, што Космас мае свой канец, што няма мноства сусьветаў і што касьмічным караблям лёгка ўдаецца даплыць да мяжы, пасьля якой яны апынаюцца там, адкуль выправіліся ў сваё касьмічнае плаваньне. Як бы зьмяніўся чалавек? Напэўна, адмяніў бы рэлігію, і адначасова шмат людзей сышлі б са сьвету праз суіцыд, зьявілася б новае грамадзтва – цынікаў і абсалютных маньякаў, якім было б на ўсё напляваць, гэта было б свайго кшталту эвалюцыяй геданізму.

Ня ведаю, часам я Алеся не разумею, занадта мудрагеліста ён разважае. Я люблю, калі простае робіць тэкст неверагодным, калі ты не зьбягаеш у нэтры фантастыкі, але праз рэалізм даводзіш аповед да абсалютнай фантасмагорыі.

Мы зь ім розныя і адначасова блізкія, бо інакш не сябравалі б.

 

27.12.2014

Субота

Як гэта звычайна бывае, сьвяточныя дні сапсавалі мне мой карункавы неалькагольны рэжым, я сарваўся, і вось ўжо ідзе трэці дзень, як я прачынаюся зь дзікім пахмельлем, адчуваньнем віны, канца сьвету і смагаю, і няма мне ніякага прабачэньня, і ніякай мне ласкі, і мяне ўжо ніхто ня любіць, і В. нават глядзець на мяне ня можа, і хочацца зьехаць, і хочацца плакаць, і варта было б памерці, бо сумленьне падказвае толькі гэтае выйсьце.

Ну што, Алесь застаўся ў мяне ночыць, бо яго ў такім стане не было сэнсу кудысьці адпускаць. Гэта сьмешна: чалавек напіўся, ужо другая гадзіна, і ён паедзе да сябе на сялібу пад Нясьвіж?! Сьмешна!

Вось ён прачнуўся, і нас цяпер двое, а значыцца – апахмяліцца можна без адчуваньня сусьветнай віны, можна проста пайсьці і набыць піва…

І вось! Прывітаньне азарэньне! Я сёньня пасьля пятай сустракаю нашу добрую сяброўку, мастачку Дашу З., яна акурат прыехала на колькі дзён у Менск, а потым зваротна ў Вену. Я мушу забраць з яе кавярні “Зерно” на машыне, а значыць – ніякага піва, толькі гарбата, сок і расол. Пасьля абеду мне трэба выглядаць добра, і каб ня толькі вочы на шчокі не вылазілі, але й каб перагару не было…

Шкада, я гляджу, як Бацкель апранаецца, як зьбірае свае рэчы, зазіраючы ў кожны пакой, бо мы зь ім калі пьем, проста так не сядзім, у нас шматслоўе, спрэчкі, крыкі і процьма іншага, і мы ходзім, глядзім, слухаем, чытаем, гартаем і ўсяляк забаўляемся.

Вось ён знайшоў свае гадзіньнікі, вось у майстэрні В. – швэдар і шкарпэтку, у ванным пакоі ён знайшоў свой абутак і сказаў, што, напэўна, на п’яную галаву здагадаўся прасушыць абутак, бо той на гарачай батарэі!

Я праводжу сябра, кажу, што зайздрошчу, бо зараз ён набудзе піва і ўсю дарогу ў маршрутцы будзе піць і слухаць аўдыёкнігу, ён зараз на сярэдзіне “Убіка” Філіпа Дзіка.

Дашу З. сустрэў, абняў і з валізамі давёз дамоў. Пакуль мы ехалі, вырашыў сёньня ня піць, усё-ткі трэба працаваць са сваёй воляй, са сваімі жаданьнямі, трэба ўмець сябе кантраляваць, бо інакш можна праябаць усё жыцьцё.

 

28.12.2014

Нядзеля

Даша З..

Цудоўная Даша ў нас заставалась ночыць, Васіліса зь ёй шмат пра што гутарыла, а я заліпаў у кампутарнай гульні, гэта мяне дзяцінства не нагуляла…

Даша малайчына, у яе жыцьцё – фрыланс, яна пасьпявае і павучыцца, і венскую ратушу размаляваць, і з усімі сустрэцца, калі прыяжджае ў Менск, і правільна есьці – вегетарыянства і асобны ўжытак страваў.

А я зусім не малайчына, я шмат пью, ем, храплю і ўсё спадзяюся на наступны год, што я пачну жыць інакш, зьмяню працу, схуднею, стану прыгожым і неверагодна творчым.

 

29.12.2014

Панядзелак

Ну што, хутка новы год, сёньня панядзелак, у гэты дзень я павінны быў забраць свой даляравы дэпазыт і грошы з даляравай карткі, а замовіў я іх яшчэ дзевятнаццатага, то-бок акурат тады, калі ўсё пачало накрывацца вялікім іржавым мядзяным тазікам. Сёньня я ўспамінаю той выпадак, калі мне другім разам за месяц пашчасьціла, але я так і не паехаў гуляць у казыно!

Дваццаць чацьвёртае, ва ўсіх працоўны дзень, я стаю ў корку, прычым такім, што машыны ня рухаюцца, але кожны лічыць сваім абавязкам бібікнуць, мацюкнуцца, паказаць свой характар, так бы мовіць – паскорыць рух машын, але зразумела, што гэта безвынікова, таму ўсе гэтыя казлы з кляксонамі толькі раздражняюць. Стаю, ад няма чаго рабіць разглядаю па бакох вуліцу і заўважаю, што стаю ў першай паласе акурат перад маім банкам, на дзьвярах якога паперка наклеена. Я здалёк не магу прачытаць, што там, пакідаю машыну на аварыйных сыгналах, выходжу і крочу да будынка.

На паперцы чытаю: “Банк з 25 па 12 не працуе. Адміністрацыя”.

Я так адразу: “Опа! А грошы мне замовілі на 29-га! І чакаць мне дзесяць дзён замест стандартных пяці! А яны нават працаваць не зьбіраюцца! Што за?!”

Адчыняю дзьверы і шыбую проста ў аддзел працы з “фіз. і юр. асобамі”. А мне там адна жанчына: “Нічога ня ведаю, так сказалі!” Адзін мужчына: “Гэта не да мяне, загад начальства!”

Я да трэцяй, а тая на тэлефоне, і я чую: “Шаноўны, у сувязі з раптоўным адпачынкам банк ня зможа вам дваццаць шостага выдаць дэпазыт, толькі пасьля новага году!”

Я разумею, што мяне не папярэдзілі, і астатніх таксама, і што калі б я ня лыпаў вачыма па бакох, пакуль стаяў у корку, я таксама атрымаў бы такі вясёлы званок!

Я да чацьвёртага працаўніка. Дзякуй богу, яна мяне ведае ў твар, бо я часьцяком празь яе папаўняю свой дэпазыт. Падыходжу, тлумачу, што грошы замовіць змог толькі на дваццаць дзявятае, а тут банк увогуле не працуе да дванаццатага, а мне патрэбныя мае грошы тут і цяпер!

І вось колькі ўсяго залежыць ад чалавека! Адзін, атрымаўшы буйную пасаду ў міністэрстве, пачынае зачысткі прыватных выдавецтваў, другі мог бы проста сказаць: “Выбачайце, але нічым не дапамагу”, але кажа мне: “Зараз што-небудзь прыдумаю, ваша прозьвішча я памятаю – Календа… Давайце ваш пашпарт… Так, у вас на рахунку столькі і на картцы яшчэ столькі, я вам пастараюся аддаць грошы без замовы, пачакайце”. І дзяўчына так прыемна ўсьміхнулася, а ў мяне шчокі пунсовыя, у скронях грукае, я хвалююся за свае грошы.

Назіраю звонку такую карціну: гэтая дзяўчына, банкаўскі супрацоўнік, робіць тры званкі, потым абыходзіць тры абменьнікі, завітвае ў чацьверты і вяртаецца да мяне, а я як васковая лялька, застыў і чакаю адказу, як прысуду.

  • Зараз я раздрукую вам дакумэнты, і вы зь імі зойдзеце ў кабінку абменьніка нумар чатыры, там працуе Вольга Сяргееўна, у яе ўсе вашыя грошы.

Ці варта казаць, у якім я быў стане?! Шакаваны!

І гэта сапраўды! Чаго каштавала гэтай маладой жанчыне пайсьці мне насустрач і знайсьці спосаб аддаць грошы, не адвярнуўшыся ад мяне і не схаваўшыся за дзяжурнай фразай: “Гэта не мая віна, гэта нас прымусіў банк, выбачайце”.

Я проста так гэты выпадак не пакінуў, даўно забыўшыся на сваю машыну ў корку і на “аварыйцы”, я бегам да суседняй крамы, дзе набыў вялікі пакунак цукерак “Рафаэла” ў падарунак ёй. Яна была зьдзіўленая і ўзрадаваная.

 

30.12.2014

Аўторак

Ёсьць у мяне сябры, якія для нас (для В. таксама, але ў яе яшчэ процьма сваіх сябровак) як сям’я. Сябры, якія так даўно з намі, і такія блізкія, і сьмешныя, і шчырыя, што проста не ўяўляеш, калі гэта такое было, што вы ня ведалі адзін аднаго.

У мяне іх няшмат: Андрэй Е., Альгерд Б., Максім Ш. і, вядома, Алесь і Зоя Прышывалкі, пра якіх я і распавяду сёньня, бо яны акурат сёньня і прыяжджалі.

Прышывалкі – гэта асобны арганізм, гэта цуд. Развага і выбух, спакой і адзінота і адначасова гэта сьмех і жарсьці. Алесь і Зоя для мяне не ўспрымаюцца паасобку, яны абсалютна гарманічная пара, якая складае аднаго вельмі дзіўнага чалавека. Гэта вам і хлеб па старажытных рэцэптах, і кучаравыя пернікі, і процьма сьмешнага і вясёлага і спакойнага і неспатольнага.

Прышывалкі цудоўна гатуюць, і я вельмі ім жадаю разгарнуць сваю дзейнасьць як мінімум на маштаб раёна, горада, вобласьці, краіны… Такія рэчы, якімі яны займаюцца, павінныя ўкараняцца з кожным новым пакаленьнем беларусаў. Кожнаму варта расьці і рухацца ў кірунку прыгажосьці, экалягічнасьці, памятаць пра традыцыі і адначасова іх узбагачаць сучаснымі ведамі… Прышывалкі – гэта яскравы паказчык таго, як можна рабіць штосьці натхнёнае тут і цяпер, нават ва ўмовах звышцяжкіх, калі ані дзяржава, ані іншыя арганізацыі не зацікаўленыя ў гэтым і хутчэй падтрымаюць праект новай аўтазапраўкі ці забудовы чарговага хмарачоса.

Неяк Прышывалкі знайшлі, калі падарожнічалі на роварах пад Гарадком, млын дзевятнаццатага стагодзьдзя, і млын гэты на рацэ – чатырохпавярховы, самы сапраўдны архітэктурны цуд, які захаваўся ў выдатным стане, бо за савецкім часам месьціў у сваіх пакоях нейкі абласны камітэт. Млын каштаваў дзесяць тысяч баксаў, адразу зьявілася ідэя зрабіць гэты млын цэнтрам вытворчасьці хлеба, а таксама мы з В. прапанавалі дадаць творчы паверх для пісьменьнікаў і мастакоў.

Мы пачалі зьбіраць інфармацыю, думаць, як знайсьці грошы. Вырашылі, што ніжні паверх будзе вытворчым цэхам, другі – культурніцкай пляцоўкай і гандлёвай заляй, трэці – жытлом для гаспадароў і вучняў, а ў чацьвертым разьмесьцяцца пакоі для стыпэндыятаў ад часопіса Макулатура…

Пакуль пра гэта марылі і плянавалі, нейкая будаўнічая кампанія набыла млын і паставіла на яго кошт – 90 000 баксаў! А пазьней мы высьветлілі, што паводле законаў карыстаньня будынкам, які стаіць на вадзе, нам забараняецца там жыць і гандляваць…

Карацей, як звычайна тут…

 

31.12.2014

Серада

Зімой у 2010-м, калі на мяне, зусім зялёнга пісьменьніка, звалілася шчасьце ў выглядзе нямецкай стыпэндыі на паўгода, кожны дзень, праходзячы Ваймар уздоўж і ўпоперак, я разважаў і шукаў герояў для свайго вялікага праекта “Апранутыя апавяданьні”. Аднойчы я пачуў ясны голас у галаве, такую дакладную рэальную і раптоўную фразу, ад якой рэзка спыніўся, ажно на маю сьпіну натыкнулася немка, якая ішла за мною… Я стаяў, напэўна, хвілін дзесяць, агаломшаны, бо гэта быў ня голас маіх думак, ня мой рэальны голас, гэта быў голас незнаёмца, які быццам бы гучна сказаў мне ў правае вуха: ты зможаш напісаць кнігу толькі празь пяць год. І вось я за гэтыя чатыры гады напісаў процьму кніг, пачаў ствараць ужо як два пісьменьнікі, трэці год працую разам са сваёй дарагой камандай над часопісам Макулатура, але гэты голас не адпускае мяне, я да апошняга ня веру ў тое, што ў наступным годзе я напішу КНІГУ! Бо гэта будзе азначаць, што я лайдачыў усе пяць год альбо наадварот, рыхтаваўся, каб напісаць Кнігу, і ўсё, што прайшло празь мяне і было выдадзена, крышталізуецца ў адзін вялікі тэкст. Я ніколі больш ня чуў гэты голас, інакш пазнаў бы яго сярод шуму вуліц або унутраных дыялёгаў і спрэчак…

І гэта пра што я тут, я пра тое, што пад канец гэтага года я прыйшоў да чагосьці вельмі істотнага і буйнога, я дажыўся да таго, што растварыўся ў іншым пісьменьніку і амаль цалкам пазбавіўся страхаў і комплексаў, і я нарэшце адарваўся ад усіх гэтых крытыкаў, троляў, балбатлівых лайдакоў і гоблінаў. Мой творчы імпэт здольны на шматлікае, ня толькі на шматслоўе і па дзьве кнігі на год… Я змог адарвацца ад усяго гэтага, падняцца па-над самім сабою, зазірнуць праз сваё плячо і пабачыць, што ўсё гэта ня мае права на існаваньне і варта пісаць нашмат вышэй, далей і па-іншаму, караскацца трэба не за кімсьці, але весьці за сабой. І вось я ўжо не самотны і крочу наперад разам са сваім пасьпяховым творцам, са сваім сябрам, які пачаў пісаць лепей за мяне і якога першым узялі ў ПЭН-цэнтар, а гэта азначае, што я ўжо гатовы пераступіць праз парог і выйсьці вонкі ў дзьве тысячы пятнаццаты год, пра які мне хтосьці ўжо крычаў у вуха, год, які я малым нават уявіць баяўся, бо мне падавалася, што гэта па-за рэальнасьцю, бо мне будзе ўжо трыццаць і я буду тым самым старым, які ўжо ведае ня толькі чаго хоча, але й дабіўся ўсяго…

Так. Дарэчы, Новы год, калі каму цікава, мы з Васілісай і Хурмой сустракаем з маімі бацькамі. Я вельмі хачу падтрымаць маму, пабыць зь ёю, пагутарыць, абняць, паказаць ёй, што яна не самотная… Але атрымаецца як звычайна: я прыйду, коснаязыкі, буду ізноў чымсьці незадаволены, буркатлівы і нейкі скасабочаны.

А это вы читали?

Leave a Comment