Да астатняга зерня. Вершы

После выхода второй книги Насты Кудасовой «Рыбы», которая увидела свет только что, и в преддверии третьей ее книги, которая выйдет вот-вот, Текстура публикует новые стихи поэта.


 

Наста Кудасава, паэт. Нарадзілася 25 мая 1984 г. у Рагачове. Аўтар кніг «Лісьце маіх рук», «Рыбы».

 


 

СЛУП

Сусьвету ўсьлед глядзець, як Лоту,
не паднімаючы рукі.
Стаіць самоту страшнаротую,
не расчытаную нікім.
Стаяць, маўчаньне ў неба сеючы,
тугая соль — на языку.
Мне вечнасьць абдымае плечы
і боль вымае — па радку…

 

*

вершы —
каб вымяраць вяршыні
ці, выміраючы
ў горы вершавым,
высвабадзіцца ў разлог птушыны,
туды,
дзе гняздуюцца сэрцам шырэйшыя,
дзе я ня буду вачмі лісьлівіць,
рук абцяжарваць нішчымнымі ласкамі — 
словы разьвешу лупатымі сьлівамі
і абярнуся
ластаўкай.

 

*

не хачу ні мора, ні літасьці.
толькі б з гэтага болю выпаўзьці.
нібы ўласная скура мне здрадзіла
і па мясе разьдзёртым градзіны
скачуць вусьцішна, саламейна.
забяры мяне ў рай кялейны,
ласкай пекла маё прычашы,
каб — душа. і вакол — ні душы…

 

*

разьбягаюцца anni domini —
новых зморшчынак разьбяры,
я й сама на зямлі паломная —
вечны восеньскі пілігрым,
я й сама, што ні ўдых, рухомая —
пругкіх сэрцаў гартую спрыт!
закунежу і вылечу ў комін…
варажбітка. завея. ліліт.

 

НА РАЗВОДЗЬДЗЕ ДНЯПРА

лусьні крыгамі, 
у бераг плясьні,
размачы зачарсьцьвеньня нуду!
бачыш, 
стомлены змрочны саньясін —
я 
пустымі шляхамі брыду,
бо 
зрываюцца людзі,
як ноты,
на паўсьпеве
і ў горле стаяць
незагойным гаркавым налётам,
што ня выкашляць
і не назваць.

 

*

а водар твой мяне вядзе
туды, дзе ў пушчы бездарогай
шукае ноты ў барадзе
і грае Пан касматаногі,
дзе столькі вечнасьці ў гудзьбе,
што ўжо ня страшна ведаць — хто ты…
і хочацца любіць цябе
да самай незваротнай ноты.

 

*

кінь мяне, 
і так закамянелая —
моўкну я шляхоў тваіх наўзбоч.
тысячы гадоў сівілай пела я
сераду твайму —
вярні мне дождж!
каб абмыцца вольніцай самотнаю
там, 
дзе мы — нязбытныя — прайшлі,
як праходзіць слава пустаротая,
як усё 
праходзіць 
на зямлі.

 

*

высьпяваем у сьпеве — 
галасоў каласы.
не пытай, хто пасеяў
нас у полі пустым,
не схіляйся, 
бо шэрань
хутка ўсходы дзяўбе, —
да астатняга зерня
сьпей сябе.

 

*

ведаць бы,
што не перапоўніцца
мора, 
як ні прымае захады,
што — шчасьлівыя —
рыбіны моляцца
і сьпяваюць харалы алаху
усяводнаму, 
і не зрываюцца
галасоў пуцяводныя ніці,
а растуць, абтрасаючы памяць,
і сягаюць наверх
крыніцамі.

А это вы читали?

Leave a Comment