О переводчике:
Рыдкин Юрий Анатольевич — родился 8 апреля 1979 года в Гомеле.
С 1996 по 2004 учился на белорусском отделении филологического факультета ГГУ им. Ф. Скорины.
Автор гиперссылочной поэзии.
В рамках бот-поэзии провёл ряд art-диалогов с искусственным интеллектом.
Публиковался в печатных и сетевых изданиях: «Цирк ”Олимп”», «Артикуляция», «Ф-письмо», «Post(non)fiction», «Полутона», «Топос», «Homo Legens», «Сетевая словесность», «Стенограмма», «Новая реальность», «Дискурс», «Кастоправда».
Ultima Thule1
Глава з апошняга і незавершанага рускага рамана Ўладзіміра Набокава
Пераклад Юрыя Рыдкіна
Памятаеш, мы неяк снедалі (прымалі страву) за два гады да тваёй смерці? Пры ўмове, што памяць можа жыць без галаўнога ўбору. Дарэчная думка: уявім найноўшы пісьмоўнік. Бязрукаму: моцна цісну вашу (шматкроп’е). Нябожчыку: прывідна ваш. Але ж пакінем гэтыя вінаватыя віньеткі. Калі ты не памятаеш, то я за цябе памятаю, памяць аб табе можа здацца, прынамсі граматычна, тваёй памяццю, і дзеля трапнага слоўца я дапускаю — пасля тваёй смерці я і свет яшчэ існуем толькі дзякуючы таму, што свет — гэта ты і ён мяне ўспамінае. Зараз я звяртаюся да цябе. Зараз звяртаюся да цябе вось з якой нагоды. Зараз звяртаюся да цябе толькі затым, каб пагаварыць з табой пра Фальтэра. Такі лёс! Такая таямніца! Такі почырк! Калі мне надакучвае запэўніваць сябе, што ён вар’ят ці квак (гэтым словам ты на англійскі манер клікала шарлатанаў), я бачу ў ім чалавека, які… які… таму што яго не забіла ўзарваная ў ім бомба ісціны… зрабіўся богам! — Перад ім выглядаюць нікчэмна ўсе празорліўцы мінулага: пыл ад статку на вечаровай зары, сон у сне (калі сніцца, што прачнуўся), першыя вучні ў нашай герметычна зачыненай навучальнай установе: ён па-за нас, на яве, — вось разадзьмутае галубінае горла змяі, якая зачароўвае мяне. Памятаеш, мы нейк снедалі ў яго гасцініцы, што стаяла на цудоўнай, шмат’яруснай мяжы з Італіяй, дзе асфальт бясконца памнажаецца на гліцыніі, а ў паветры пахне гумай і раем? Адам Фальтэр быў тады яшчэ наш, калі нішто ў ім не прадвесціла — як гэта сказаць? — гавару: прасвятлення, — увесь яго моцны склад (не храсткі, а падшыпнікі, карамбольная звязнасць рухаў цела, дакладнасць, арліны холад) только цяпер растлумачвае нам, чаму ён выжыў: было ад чаго адымаць.
О, мая мілая, нешта ўсміхнулася табой з таго Лукамор’я, — і больш ніколі, і я кусаю сабе рукі, каб не затрэсціся, і вось не магу, з’язджаю, плачу на тармазах, на б і на у, і ўсё гэта такая зневажальная фізічная лухта: гарачае мігценне, пачуццё ўдушша, брудная хусцiнка, сутаргавае, уперамешку са слязамі, пазяханне, — ах, не магу без цябе… і, высмаркаўшыся, пераглынуўшы, зноў пачынаю даказваць крэслу, хапаючы яго, сталу, стукаючы па ім, што без цябе не бобу. Ці чуеш ты мяне? Банальная анкета, на якую не адгукаюцца духі, — але ж за іх ахвотна адказваюць нашыя адзінасмяротнікі; я ведаю! (пальцам у неба) дазвольце я вам скажу… Мілая твая галава, ручаёк скроні, незабудкавая шэрасць вока ў бок пацалунку, ціхі выраз вушэй, калі падымала валасы, — як мне пагадзіцца са знікненнем, з гэтай прорвай у жыцці, куды ўсё зараз абсыпаецца, слізгае, усё маё жыццё, мокры жвір, прадметы, звычкі… і якая магільная агароджа можа перашкодзіць мне ціха і сытна паваліцца ў гэтую прорву. Душакружэнне. Памятаеш, як адразу пасля тваёй смерці я выбег з санаторыя і не ішоў, а нейк прытупваў і нават прыскокваў (зламаўшы не палец, а жыццё), адзін на той вітай дарозе паміж надзвычай лускаватых соснаў і калючых шчытоў агаў, у зялёным забраніраваным свеце, які ціхенька падцягваў ногі, каб не заразіцца ад мяне. Так, усё навокал небяспечна і ўважліва маўчала, і толькі калі я глядзеў на што-небудзь, гэтае што-небудзь, спахапіўшыся, пачынала фальшыва рухацца ці шамацець альбо гусці, нібы не заўважаючы мяне. «Абыякавая прырода», — якое глупства! Паўсюднае цуранне, вось гэта дакладней.
Шкада. Такая была дарагая. Трымаючыся за тваё нутро, за гузік, нашае дзіця пайшло за табой. Але ж, мой бедны спадар, жанчыну не робяць брухатай, калі ў яе гарлавыя сухоты. Міжвольны пераклад з французскага на пякельны. Памерла ты на шостым сваім месяцы і панесла астатнія, нібыта не вярнуўшы цалкам доўг. А як жа ж мне хацелася, паведаміў сценам удавец з чырвоным носам, мець ад яе дзіцятка. Etes vous tout à fait certain, docteur, que la science ne connaît pas de ces cas exceptionnels où l’enfant naît dans la tombe?2 І сон, які я бачыў: быццам гэты часночны доктар (ён жа ці то Фальтэр, ці то Аляксандр Васільевіч) надзвычай ахвотна адказваў, што, маўляў, так, як жа ж, гэта бывае, і такіх (пасмяротна народжаных) клічуць трупсікамі.
З тых часоў ты мне яшчэ ні разу не прыснілася. Ці цэнзура не прапускае, ці сама ўхіляешся ад гэтых турэмных спатканняў са мной. Першы час я забабонна, зневажальна, подлы невук, баяўся таго дробнага трэску, які заўсёды выдае пакой па начах і які зараз страшэнным выбліскам адбіваецца ўва мне, паскараючы бег нізкакрылага сэрца, што кудахча і кудахча. Яшчэ горш — начныя чаканні, калі я ляжаў і намагаўся не думаць, што ты раптам можаш адказаць мне стукам, дапусці я такую магчымасць, але гэта азначала б ускладняць дужкі, фігурныя пасля простых (думаў пра тое, што стараюся не думаць), і страх у сярэдзіне рос ды рос. Ах, якім жудасным быў гэты сухенькі стук кіпціка ўнутры стальніцы і якім не падобным на інтанацыю тваёй душы, твайго жыцця. Вульгарны дух са звычкамі дзятла, альбо бесцялесны гарэза, прывід-пашляк, што карыстаецца маім голым горам. А днём, наадварот, я быў смелы і выклікаў цябе на любую праяву спагадлівасці, пакуль сядзеў на каменьчыках пляжу, дзе калісьці выцягваліся твае залатыя ногі, — і як жа ж вярталіся тады задыханыя хвалі, але ім было няма чаго паведаміць і яны рассыпаліся ад выбачэнняў. Камяні, як зязюліны яйкі, кавалак чарапіцы ў выглядзе пісталетнай абоймы, асколак тапазавага шкла, нешта накшталт лубянога хваста, зусім сухое, мае слёзы, мікраскапічная пацерка, папяросная скрыначка, дзе ў сярэдзіне выратавальнага круга матрос з жоўтай барадой, камень, падобны на ступню пампеянца, нечая костачка альбо шпатэль, бляшанка з-пад газы, асколак гранатавага шкла, арэхавая шкарлупіна, безадносная іржаўка, фарфоравы аскепак, — і дзесьці ж абавязкова павінны былі знаходзіцца астатнія часткі, і я ўяўляў вечныя пакуты, катаржнае заданне, якое служыла б лепшым пакараннем для падобных на мяне людзей, што занадта далёка забягалі думкай наперад, а менавіта: знайсці і сабраць усе гэтыя часткі, каб ізноў скласці той соуснік, тую супніцу, — гарбатыя блуканні па дзіка туманных узбярэжжах, а калі страшна пашанцуе, то можна ў першую ж, а не трыльённую раніцу цалкам аднавіць пасудзіну — і вось яно, гэтае найпакутлівае пытанне фарту, латарэйнага шчасця, — таго самага квітка, без якога, магчыма, не даецца дабрабыт у вечнасці.
У гэтыя раннія вясновыя дні вузенькая палоска галькі — простая і пустая, але нада мной па набярэжнай гулялі людзі, і хто-небудзь, мяркую, казаў, гледзячы на мае лапаткі: вунь мастак Сінеусаў, ён надаўна страціў жонку. І, верагодна, я бы прасядзеў так вечна, калупаючы сухую марскую загану, пазіраючы на спатыкі пены, на фальшывую пяшчоту доўгіх серыйных аблокаў уздоўж гарызонту і на цёмна-ліловыя цеплавыя падточыны ў сцюдзёным сіне-зялёным моры, калі б, сапраўды, нехта з прычалу не пазнаў мяне.
Але (блытаючыся ў ірваным шоўку склада) вяртаюся да Фальтэра. Як ты цяпер узгадала, мы аднойчы адправіліся туды, паўзлі ў гэты найспякотны дзень, як дзве мурашкі па стужцы кветкавага кошыка, бо цікава ж убачыць свайго былога рэпетытара, урокі якога штурхалі мяне ў трапную палеміку з Краевічам, а сам настаўнік быў пругкі і ахайны, з вялікім белым носам і лакавым праборам; па гэтай прамой дарожцы ён потым і пайшоў да камерцыйнага шчасця, а бацька яго, Ілля Фальтэр, быў усяго толькі старэйшым поварам у Менара, кухар ваш Ілля на баку. Мой анёл, мой анёл, магчыма, цяпер усё гэта зямное здаецца табе каламбурам на манер «вяндліны і вечнасці» (памятаеш?), а сапраўдны сэнс існага, гэтай пранізлівай фразы, вычышчанай ад дзіўных, сонных, маскарадных тлумачэнняў, зараз гучыць так чыста і салодка, што табе, анёл, смешна, як гэта мы маглі сон прымаць усур’ёз (мы ж, аднак, здагадваліся з табой, чаму ўсё рассыпаецца ад патаемных дотыкаў: словы, жыццёвыя правілы, сістэмы, асобы, — таму, ведаеш, я мяркую, што смех — гэта нейкая страчаная ў свеце выпадковая малпачка ісціны).
І вось я ўбачыў яго зноў пасля, здаецца, дваццацігадовага перапынку, і аказалася, што я правільна рабіў, калі, набліжаючыся да гасцініцы, тлумачыў усе яе класічныя прыкрасы, — кедр, эўкаліпт, банан, тэракотавы тэніс, аўтамабільны загон за газонам, — як цырыманіял шчаслівага лёсу, як сімвал тых паправак, якіх патрабуе цяпер мінулы вобраз Фальтэра. Гады нашага з ім расстання аказаліся неадчувальнымі для абодвух, ён з беднага жылістага студэнта з жывымі, як ноч, вачыма і прыгожым, моцным, налева нахіленым почыркам, ператварыўся ў самавітага спадара ў целе, захаваўшы пры гэтым і жвавасць погляду, і прывабнасць вялікіх рук, але ж я б ніколі не пазнаў яго са спіны, бо замест тоўстых, гладкіх, пад гаршчок астрыжаных валасоў віднелася пасярод чорнага пуху карычневая ад загару лысіна амаль езуіцкай формы. У шаўковай кашулі з колерам паранай рэпы, з клятчастым гальштукам, у шырокіх грыперлавых панталонах і стракатых туфлях, ён здаўся мне ражаным, але вялікі нос быў усё тым жа, ім ён беспамылкова адчуў тонкі пах мінулага, калі, падышоўшы, я ляпнуў яго па мускулістаму плячу і задаў яму сваю загадку. Ты стаяла крыху наводдаль, злучыўшы голыя шчыкалаткі на кубавых абцасах, і стрымана, з хітрай цікавасцю аглядала абстаноўку велізарнага і пустога ў гэты час хола, гіпапатамавую скуру крэслаў, строгага стылю бар, англійскія часопісы на шкляным стале і знарочыста простыя фрэскі, якія дэманстравалі дробнагрудых бронзавых німфаў на залатым фоне; у адной з іх былі паралельныя пасмы стылізаваных валасоў, што спадалі ўздоўж шчакі, і яна чамусьці стаяла на адным калене. Ці маглі мы тады падумаць, што гаспадар усёй гэтай прыгажосці калі-небудзь перастане яе бачыць? Мой анёл… Ён прыняў мае рукі ў свае, сціснуў іх, зморшчыў пераноссе і пачаў углядацца ў мяне цёмнымі прыжмуранымі вачыма, ён вытрымліваў тую паузу, што перапыняе жыццё; паузу, якую вытрымлівае той, хто збіраецца чхнуць, не зусім яшчэ ведаючы, ці атрымаецца, — але вось удалося, успыхнула мінулае, i ён гучна назваў мяне па імені. Ён пацалаваў тваю ручку, не нахіляючы галавы, і добразычліва замітусіўся, атрымліваючы асалоду ад таго, што я, чалавек мінулага, цяпер заспеў яго ў поўным бляску таго жыцця, якое ён сам стварыў сілай сваёй плоднай волі, пасадзіў нас на тэрасе, заказаў кактэйлі і сняданак, пазнаёміў нас са сваім зяцем, інтэлігентным чалавекам у цёмнай партыкулярнай вопратцы, што адрознівалася ад экзатычнага форсу самога Фальтэра. Мы папілі, паелі, пагаварылі пра мінулае, як пра цяжка хворае, мне ўдалося пакласці нож на відэлец і зымітаваць шалі, ты прылашчыла цудоўнага нервовага сабаку, што баяўся гаспадара, — і пасля хвіліны маўчання, пасярод якога Фальтэр раптам выразна сказаў «так», нібыта заканчваючы кансіліум, мы рассталіся, паабяцаўшы адзін аднаму тое, што ні ён, ні я не збіраліся выконваць.
Ты не знайшла ў ім нічога выдатнага, так? І сапраўды, як жа ж збіты гэты тып, — у шэрай маладосці даглядаў п’яніцу-бацьку пры дапамозе ўрокаў, а затым павольна, упарта і бадзёра дамогся дабрабыту, бо акрамя не вельмі прыбытковай гасцініцы ў яго былі і вінагандлёвыя справы — вельмі паспяховыя. Але потым я зразумеў, ты памылялася, калі казала, што гэта сумнавата, што ад такіх энергічных пястуноў лёсу заўсёды цягне потам. Не, цяпер я шалёна зайздрошчу асноўнай рысе характару былога Фальтэра, дакладнасці і моцы яго «валявой субстанцыі», як, памятаеш, па іншай прычыне, выказаўся бедны Адольф. Сядзеў Фальтэр у акопе ці ў канцылярыі, спяшаўся на цягнік ці ўставаў цёмным ранкам у халодным пакоі, наладжваў дзелавыя сувязі ці душыў каго-небудзь сяброўствам альбо варожасцю, ён не толькі заўсёды валодаў усімі сваімі здольнасцямі і жыў з узнятым курком, але і заўжды быў упэўнены, што абавязкова дасягне сваіх мэтаў — і сённяшняй і заўтрашняй, і прытым працаваў ён эканомна, бо цаляў невысока і дакладна ведаў мяжу ўласных магчымасцяў. Яго галоўная заслуга перад самім сабой у тым, што ён свядома абыходзіў свае таленты, робячы стаўку на звычайнае, агульнапрынятае, хаця быў адораны дзіўнымі, чымсьці абаяльнымі здольнасцямі, якія іншы, меней абачлівы, пастараўся б практычна ўжыць. Мабыць, толькі ў маладосці ён не заўжды мог стрымацца і змешваў казённае зубрэнне гімназіста па казённых прадметах з незвычайна вытанчанымі праявамі матэматычнай думкі, якая пакідала ў маім класе нейкі халадок паэзіі, калі ён, спяшаючыся, сыходзіў. Я з зайздрасцю думаю, што, валодай я крэпасцю яго нерваў, пругкасцю душы, гушчынёй волі, ён бы перадаў мне цяпер сутнасць нечалавечага адкрыцця, зробленага ім нядаўна, і ён бы не баяўся, што яно раздавіць мяне; я ж са свайго боку быў бы дастаткова ўпарты, каб прымусіць яго сказаць мне ўсё да канца.
З набярэжнай хтосьці паклікаў мяне сіплавата і далікатна, але ж са дня нашага сняданку з Фальтэрам прайшоў год і я не адразу пазнаў у чалавеку, што кінуў на мае камяні цень, яго пакорнага зяця. Машынальная ветлівасць падняла мяне на прыстань, і ён выказаў мне сваё хваробнае, сабалінае: выпадкова, маўляў, зазірнуў у мой пансіён, дзе добрыя людзі не толькі паведамілі яму аб тваёй смерці, але і паказалі маю постаць пасярод пустога пляжу — фігуру, якая стала ўжо славутай памяткай (я на хвіліну засаромеўся, што труну майго гора бачна з усіх тэрас).
— Мы пазнаёміліся ў Адама Ільіча, — паведаміў ён, паказваючы арэшкі разцоў і займаючы сваё месца ў маёй млявай свядомасці. Я, здаецца, спытаў нешта пра Фальтэра.
— Як, хіба вы не ведаеце? — здзівіўся балбатун, і вось тады я даведаўся пра ўсю гісторыю.
Неяк мінулай восенню Фальтэр адправіўся па справах у самы вінаградны з прыморскіх гарадоў, і, як звычайна, спыніўся ў ціхім маленькім гатэлі, гаспадар якога быў яго даўнім даўжніком. Трэба ўявіць сабе той гатэль, што мясціўся пад пёрыстай пахай пагорка, парослага мімознікам, і амаль забудаваную вулачку з каменнымі асабнякамі, дзе спявалі радыёлы ў невялікім чалавечым прасторы паміж Млечным шляхам і алеандравай дрымотай, і пустэчы, дзе выпрацоўвалі свой начны цынк конікі, і разбаўленае акно Фальтэра на трэцім паверсе. Правёўшы гігіенічны вечар у невялікім жаночым інтэрнаце на бульвары Ўзаемнасці, ён, у выдатным настроі, з яснай галавой і лёгкімі сцёгнамі, вярнуўся каля адзінаццаці ў гатэль і адразу падняўся ў пакой. Папялісты ад зорак лоб ночы і яе ціха-вар’яцкі выраз, рой агнёў у старым горадзе, пацешная матэматычная задача, на тэму якой ён перапісваўся са шведскім навукоўцам у мінулым годзе, сухі і салодкі пах, што сядзеў без думкі і справы там і сям у ямах змроку, метафізічны смак удала набытага і перапрададзенага віна, атрыманае з далёкай і мала прывабнай дзяржавы вестка пра смерць адзінаўтробнай сястры, вобраз якой даўно звяў у памяці, — усё гэта, мне так уяўляецца, плыло ў свядомасці Фальтэра, пакуль ён ішоў па вуліцы і потым падымаўся да сябе, і хоць паасобку тыя думкі і ўражанні не былі новымі ці асаблівымі для гэтага не зусім пасрэднага, але ж павярхоўнага чалавека з моцным носам (па сваёй сутнасці мы дзелімся на прафесіяналаў і аматараў, — Фальтэр, як і я, быў аматар), яны ў сваёй сукупнасці ўтваралі, мабыць, найбольш спрыяльнае асяроддзе для ўспышкі, для катастрафічнай, як галоўны выйгрыш, жудасна выпадковай, ніяк не прадказанай побытам розуму, звышжыццёвай маланкі, якая ўдарыла Фальтэра ў тую ноч у тым гатэлі.
Мінула дзесьці паўгадзіны з часу яго вяртання, калі сабраны сон невялікага белага дома, ледзь трымаючыся за антыкамарыны крэп і паўзучую кветку, быў раптам — не, не парушаны, а разняты, расколаты, узарваны гукамі, што засталіся незабыўнымі для слухачоў, дарагая мая, гэтыя гукі, гэтыя жудасныя гукі. Тое былі не парасячыя ляманты пястуна, збітага ў канаве таропкімі злачынцамі, і не рык параненага салдата, якога азвярэлы хірург так-сяк вызваляе ад гіганцкай нагі, яны былі горш, о, горш… і калі ўжо параўноўваць, то, як казаў потым мэсье Paon, hôtelier3, яны хутчэй за ўсё нагадвалі амаль трыумфальныя крыкі задыханай парадзіхі з мужчынскім голасам і волатам ва ўлонні. Цяжка было разабраць уладную ноту сярод гэтай навальніцы, што раздзірала чалавечую гартань — боль, жах ці труба вар’яцтва, альбо, і апошняе дакладней усяго, выбух невядомага, якое рабіла выццё Фальтэра чымсьці, што ўзбуджала ў слухачах панічнае жаданне неадкладна гэта перапыніць. За сцяной маладажоны ў ложку спыніліся, скасавурылі вочы і затаілі дыханне, галандзец на ніжнім паверсе выкаціўся ў сад, дзе ўжо знаходзіліся ахмістрыня і васемнаццаць збялелых пакаёвак (насамрэч усяго толькі дзве, размножаныя перабежкамі). Гаспадар, паводле яго слоў, захаваў поўную прысутнасць духу, кінуўся наверх і пераканаўся — дзверы, за якімі рос ураган крыкаў, такі магутны, што супраць яго было цяжка ісці, замкнёныя знутры і не адчыняюцца ні на стук, ні на слова. Ор Фальтэра (можна было здагадацца, што гарлапаніць менавіта ён, — яго адкрытае акно было цёмным, а невыносныя гукі адтуль не насілі прыкметаў нечай асобы) распаўсюджваўся далёка за межы дома, і ў навакольнай чарноце збіраліся суседзі, у аднаго нягодніка было пяць карт у руцэ, і ўсе козыры. Ужо зусім нельга было спасцігнуць, як маглі чые б там ні было звязкі гэта вытрымаць… па адных звестках, Фальтэр крычаў чвэрць гадзіны, па іншых, мабыць, больш пэўных, хвілін пяць запар. Раптам (пакуль гаспадар вырашаў пытанне — узламаць агульнымі намаганнямі дзверы, прыставіць лесвіцу ці выклікаць паліцыю) крыкі, дасягнуўшы апошняй мяжы пакутаў, жаху, здзіўлення і таго, што ніяк нельга было вызначыць, ператварыліся ў нейкае месіва стогнаў і абарваліся. Надышла такая цішыня, што ў першую хвіліну прысутныя перагаворваліся шэптам.
На ўсялякі выпадак гаспадар зноў пастукаў у дзверы, з-за яе данесліся ўздыхі, няўпэўненыя крокі, потым стала чуваць, як нехта цярэбя замок, нібыта не ўмеючы адамкнуць яго. Слабы, мяккі кулак зачмякаў знутры. Тады гаспадар зрабіў тое, што, уласна кажучы, мог бы зрабіць значна раней: знайшоў запасны ключ і адчыніў дзверы.
— Святла бы сюды, — ціха сказаў Фальтэр у цемры. Мімаходам падумаўшы, што ён падчас прыпадку разбіў лямпу, гаспадар аўтаматычна праверыў выключальнік… але святло паслухмяна адчынілася, і Фальтэр, моргаючы, з хваравітым здзіўленнем перабег вачыма ад рукі, што дала святло, да наліўнай шкляной грушы, нібыта ўпершыню бачыў, як гэта робіцца.
Дзіўная, агідная змена адбылася ва ўсёй яго знешнасці: здавалася, з яго вынялі касцяк. Успацелы і цяпер быццам азызлы твар з адвіслай губой і ружовымі вачыма адлюстроўваў не толькі тупую стомленасць, але яшчэ і палёгку, жывёльную палёгку пасля жахлівых родаў. Да пояса аголены, у адных піжамных штанах, ён стаяў, апусціўшы твар, і паціраў рукі. На элементарныя пытанні гаспадара і жыхароў ён нічога не адказаў, толькі надзьмуў шчокі, адхіліў дапытлівых, выйшаў з пакоя і стаў мачыцца прама на лесвіцу. Затым лёг на ложак і заснуў.
Раніцай гаспадар папярэдзіў па тэлефоне яго сястру, што Фальтэр звар’яцеў і, санлівы, млявы, быў вывезены дадому. Лекар дапусціў наяўнасць у яго ўдару і прапісаў адпаведнае лячэнне. Але Фальтэр не пайшоў на папраўку. Праўда, праз некаторы час ён пачаў свабодна рухацца і нават часам пасвістваць, гучна казаць абразлівыя словы і хапаць ежу, забароненую лекарам. Змена, аднак, засталася. Гэта быў чалавек, нібыта страціўшы ўсё: павагу да жыцця, усялякі інтарэс да грошай і спраў, агульнапрынятыя альбо асвячоныя традыцыяй пачуцці, жыццёвыя звычкі, манеры, усё. Яго было небяспечна адпускаць куды-небудзь аднаго, бо з павярхоўнай, часовай, але крыўднай для іншых зацікаўленасцю ён пачынаў гаварыць з выпадковымі мінакамі: распытваў пра паходжанне шнара на чужым твары альбо пра дакладны сэнс слоў, падслуханых у чужой размове. Мімаходзь браў з латка апельсін, еў яго з лупінай і адказваў абыякавай усмешкай на хуткамоўку абуранай гандляркі. Змораны і маркотны ён сядаў па-турэцку на тратуар і стараўся ад няма чаго рабіць злавіць у кулак жаночы абцас, як муху. Аднойчы ён прысвоіў сабе некалькі капялюшаў, пяць фетравых і дзве панамы, якія старанна збіраў у кафэ, — і пачаліся праблемы з паліцыяй.
Яго станам зацікавіўся нейкі вядомы італьянскі псіхіятр, што наведваў кагосьці ў фальтэравай гасцініцы. Гэта быў яшчэ не зусім стары спадар, ён вывучаў, як сам ахвотна расказваў, «дынаміку душ» і ў друкаваных працах, вельмі папулярных не ў адных навуковых колах, даказваў, што ўсе псіхічныя захворванні тлумачацца падсвядомай памяццю пра няшчасці продкаў пацыента, і што калі хворы пакутуе, напрыклад, мегаламаніяй, то для поўнага вылячэння варта толькі даведацца, хто з яго прадзедаў быў уладалюбівым гаротнікам, і растлумачыць праўнуку, што прашчур памёр, назаўжды супакоіўшыся, хаця ў складаных выпадках даводзілася звяртацца амаль да тэатральнага, у касцюмах эпохі, дзеяння, што адлюстроўвала канткрэтную смерць продка, роля якога давалася пацыенту. Гэтыя жывыя карціны так увайшлі ў моду, што прафесару прыйшлося друкавана тлумачыць публіцы небяспеку іх пастаноўкі без яго непасрэнага кантролю.
Распытаўшы сястру Адама, італьянец высвятліў, што продкаў сваіх Фальтэры не ведаюць, іх бацька, праўда, быў не супраць напіцца п’яным, але ж па тэорыі «хвароба адлюстроўвае толькі даўно мінулае», як, напрыклад, народны эпас сублімуе даўнія справы, і падрабязнасці пра Фальтэра-père4 былі яму не патрэбны. І ўсё ж псіхіятр сказаў, што паспрабуе заняцца хворым, спадзеючыся шляхам трапных роспытаў даведацца пра таямніцы хваробы непасрэдна ад Фальтэра, і тады продкі самі адымуцца ад сумы яго памяці; а тлумачэнне немачы сапраўды існавала, гэта пацвярджалася тым, што, калі блізкім удавалася пранікнуць у маўчанне Адама, ён коратка і адчужана намякаў на нешта неверагоднае, перажытае ім у тую дзіўную ноч.
Аднойчы італьянец дамогся ад Фальтэра вычарпальнага адказу пра яго начныя ляманты, бо быў вопытным сэрцазнаўцам у рагавых акулярах і з хустачкай у грудной кішэньцы. Верагодна, справа не абышлася без гіпнатызма, паколькі потым Фальтэр запэўніваў следчага, што прагаварыўся супраць волі і што яму было не па сабе. Зрэшты, ён дадаў, што ўсё роўна рана ці позна зрабіў бы гэта, але без паутораў. Як бы там ні было, бедны аўтар «Героікі вар’яцтва» апынуўся ахвярай фальтэравай медузы. Шчырае спатканне паміж лекарам і пацыентам ненатуральна зацягнулася, і сястра Фальтэра, якая вязала шэры шалік на тэрасе і ўжо даўно не чула хвалюючага, маладзецкага альбо фальшыва-ліслівага тэнарка, што невыразна далятаў з адкрытага акенца, паднялася да брата, які з сумнай цікавасцю разглядваў рэкламную брашурку з горна-санаторскімі краявідамі, верагодна, прынесеную лекарам, між тым як сам лекар, напалову з’ехаўшы з крэсла на дыван, з інтэрвалам бялізны паміж камізэлькай і панталонамі, ляжаў, растапырыўшы маленькія ногі і адкінуўшы бледна-кававы твар, ляжаў забіты, як потым высветлілася, разрывам сэрца. Потым Фальтэр рассеяна і коратка даваў справаздачу паліцыі; калі ж, нарэшце, гэтыя прыставанні яму надакучылі, ён патлумачыў, што, выпадкова зразумеўшы «загадку свету», паддаўся тонкім угаворам і адкрыў яе дапытліваму суразмоўцу, які ад здзіўлення і памёр. Газеты падхапілі гэтую гісторыю, адпаведна ўпрыгожыўшы яе, і асоба Фальтэра, пераапранутая ў тыбецкага мудраца, падкормлівала непераборлівую хроніку на працягу некалькіх дзён.
Але, як ты ведаеш, я ў тыя дні газет не чытаў: ты тады памірала. Цяпер жа, выслухаўшы падрабязны аповяд пра Фальтэра, я адчуў нейкае вельмі моцнае і трохі сарамлівае жаданне.
Ты, вядома, разумееш. Я знаходзіўся ў тым стане, калі ў людзей няма ўяўлення і яны, пазбаўленыя яго падтрымкі і пошукаў, звяртаюцца да рэкламных чарадзеяў, да хірамантаў у маскарадных турбанах, якія паміж магічных спраў займаюцца яшчэ і пацучыным ядам альбо ружовай гумай, да тоўстых, смуглявых варажбітак, але асабліва — да спірытуалістаў, што падробліваюць невядомую яшчэ энергію пад млечныя рысы прывідаў і іх дурныя выступленні праз рэчы. Але ж я уяўленнем надзелены, і таму ў мяне былі дзве магчымасці: першая з іх — мая праца, маё мастацтва, суцяшэнне маім мастацтвам; другая заключалася ў тым, каб раптам узяць ды паверыць, што даволі звычайны, нягледзячы на «пці жэ» мацёрага розуму, і нават ледзь вульгарны чалавек, як Фальтэр, сапраўды і канчаткова пазнаў тое, да чаго ні адзін прарок, ні адзін чараўнік ніколі-ніколі не мог дадумацца.
Мастацтва маё? Ты ж памятаеш, праўда?, гэтага дзіўнага шведа ці датчаніна, альбо ісландца, чорт яго ведае, словам, гэтага доўгага, памяранцава-загарэлага бландына з вейкамі старога каня, які адрэкамендаваўся «вядомым пісьменнікам» і заказаў мне за ганарар, што парадаваў цябе (ты ўжо не ўставала з ложку і не магла гаварыць, але пісала мне каляровай крэйдай на грыфельнай дошчачцы смешныя рэчы, накшталт таго, што больш за ўсё ў жыцці ты любіш «вершы, палявыя кветкі і замежныя грошы»), заказаў мне, кажу я, серыю ілюстрацый да паэмы «Ultima Thule», якую ён толькі што напісаў на сваёй мове. Пра тое ж, каб мне падрабязна азнаёміцца з яго манускрыптам, гаворка ўвогуле не шла, бо французская мова, на якой мы пакутліва перагаворваліся, была яму знаёмая толькі па чутках, і перавесці мне свае сімвалы ён не мог. Мне ўдалося зразумець толькі тое, што яго герой — нейкі паўночны кароль, няшчасны і нелюдзімы; што ў яго дзяржаве, у тумане мора, на журботным і далёкім востраве, развіваюцца нейкія палітычныя інтрыгі, забойствы, мецяжы, шэры конь, страціўшы вершніка, ляціць у тумане па верасе… Маім першым blanc et noir5 ён застаўся задаволены, і мы дамовіліся пра тэмы астатніх малюнкаў. Паколькі ён не з’явіўся праз тыдзень, як абяцаў, я яму патэлефанаваў у гасцініцу і даведаўся, што пісьменнік адбыў у Амерыку.
Я цябе тады не сказаў пра знікненне працадаўцы, але малюнкаў не рабіў, і ты была ўжо такой хворай, што не хацелася думаць пра маё залатое пяро і карункавую тушу. Але калі ты памерла, калі раннія раніцы і позныя вечары сталі асабліва невыноснымі, я з жаласнай балючай ахвотай, якая ў мяне самога выклікала слёзы, працягваў працу, хоць і ведаў, што за ёй ніхто не прыйдзе, але ж яна мне здавалася неабходнай, — яе святочная беспрадметная прырода, адсутнасць мэты і ўзнагароды ўводзілі мяне ў роднасную вобласць, дзе для мяне жывеш ты, мая прывідная мэта, маё мілае, маё такое мілае зямное тварэнне, за якім ніхто нікуды і ніколі не прыйдзе; усё вакол адцягвала маю ўвагу, падсоўвала мне фарбу часовасці наўзамен графічнага ўзору вечнасці, мучыла мяне тваімі слядамі на пляжы, камянямі на пляжы, тваім сінім ценем на жудасным сонечным пляжы, і я вырашыў вярнуцца ў Парыж, каб па-сапраўднаму сесці за працу. «Ultima Thule», востраў, які нарадзіўся ў пустым і цьмяным моры маёй тугі па табе, цяпер прыцягваў мяне, як нейкая бацькаўшчына маіх найменей выразных думак.
Аднак, перш чым пакінуць Поўдзень, я прагнуў абавязкова ўбачыць Фальтэра. Гэта была другая дапамога, якую я выдумаў для сябе. Мне ўдалося пераканаць свае мазгі, што ён усё ж такі не проста вар’ят, што ён не толькі верыць у адкрыццё, зробленае ім, але і лічыць менавіта яго крыніцай вар’яцтва, а не наадварот. Мне стала вядома, што на восень ён пераехаў у нашыя мясціны. Таксама я даведаўся пра яго млявае здароўе і слабы запал жыцця, які пакінуў цела без нагляду і падтрымкі; дачуўся, што, верагодна, ён хутка памрэ. Я даведаўся, нарэшце, і гэта мне было асабліва важна, што апошнім часам, нягледзячы на заняпад сіл, ён стаў незвычайна гаманкім і цэлымі днямі частуе наведвальнікаў — а да яго, нажаль, прыходзілі людзі з размовамі, па рытме і шыпам амаль сакратаўскімі, прыдзірлівымі да механікі чалавечай думкі, дзіўна звілістымі і без адкрыццяў. Я прапанаваў наведаць яго, але зяць Фальтэра мне адказаў, што для гэтага бедака прыемны ўсялякія забавы, што ён досыць моцны і можа сам дабрацца да майго дома.
І вось яны з’явіліся: зяць у сваім нязменным чорным гарнітурчыку, яго жонка (рослая, маўклівая жанчына, крэпасцю і выразнасцю целаскладу нагадвала ранейшае аблічча брата і цяпер нібыта служыла яму жыццёвым дакорам, сумежным павучальным малюнкам) і сам Фальтэр… выгляд якога мяне ўразіў, нягледзячы на тое, што я быў гатовы да ўсяго. Як бы гэта перадаць? Зяць гаварыў, што з Фальтэра быццам вынялі шкілет; мне ж здалося, што вынялі душу, затое дух яго павялічыўся разоў у дзесяць. Я хачу гэтым сказаць, што аднаго погляду на Фальтэра было дастаткова, каб зразумець, што ніякіх чалавечых пачуццяў з побыту зямнога — ад яго не дачакаешся, што любіць каго-небудзь, шкадаваць, нават толькі самога сябе, мець ласку да чужой душы і зрэдку ёй спачуваць, пасільна і звыкла служыць дабру, хаця б уласнай пробы, — усё гэта Фальтэр забыў, як забыў ён вітацца альбо карыстацца хусткай. А разам з тым ён не здаваўся вар’ятам — о не, наадварот! — у яго дзіўна сырых рысах, у агідным сытым поглядзе, нават у плоскіх нагах, абутых ужо не ў модныя чаравікі, а ў танныя правансальскія туфлі на вяровачных падэшвах, адчувалася нейкая засяроджаная сіла, і гэтай сіле не было ніякай справы да друзласці і відавочнай тленнасці цела, якім яна грэбліва кіравала.
У дачыненні да мяне ён быў ужо іншым, такім, якім я памятаў яго па нашых уроках у юнацтве. Не сумняваюся, ён добра разумеў, што з таго часу прайшло амаль чвэрць стагоддзя, а ўсё ж, разам з душой страціўшы пачуццё часу (без якога яна не можа жыць), ён не столькі на словах, колькі ў развазе ўсёй сваёй манеры, відавочна ставіўся да мяне так, быццам усё гэта было ўчора, і разам з тым — ні найменшай сімпатыі да мяне, ніякага цяпла, нічога, ні парушынкі.
Яго пасадзілі ў крэсла, і ён дзіўна разваліўся ў ім, нібыта шымпанзэ, якога вартаўнік прымушае парадыраваць сібарыта. Яго сястра занялася вязаннем і ў час размовы ні разу нават не прыўзняла сваёй сівой стрыжанай галавы. Яе муж дастаў з кішэні дзве газеты, мясцовую і марсэльскую, і таксама знямеў. Толькі калі Фальтэр, заўважыўшы тваю вялікую фатаграфію, што выпадкова стаяла якраз на лініі яго погляду, спытаў пра цябе — дзе ты, зяць, не адрываючыся ад газеты, ненатуральна гучна, як гавораць з глухімі, прамовіў:
— Вы ж выдатна ведаеце, што яна памерла.
— Пачакайце, — заўважыў Фальтэр з нечалавечай бестурботнасцю і, звярнуўшыся да мяне, дадаў: — Што ж, царства ёй нябеснае, — так, здаецца, належыць гаварыць у грамадстве?
Затым паміж намі пачалася наступная размова; я запісаў яе па памяці, але, здаецца, дакладна:
— Мне хацелася ўбачыць вас, Фальтэр, — сказаў я (насамрэч звяртаючыся да яго па бацьку, але пазачасавы вобраз Адама ідзе насуперак гэтаму прымацаванню чалавека да кроўнага мінулага ці пэўнай краіны) — мне хацелася ўбачыць вас, каб пагаварыць з вамі адкрыта. Калі б вы палічылі магчымым папрасіць вашых сваякоў пакінуць нас удваіх…
— Яны па-за гульнёй, — адрывіста заўважыў Фальтэр.
— Пад шчырасцю, — працягваў я, — мною маецца на ўвазе ўзаемная магчымасць задаваць любыя пытанні і гатоўнасць адказваць на іх. Але раз пытанні буду ставіць я і чакаць ад вас адказаў, то ўсё залежыць ад таго, ці дасце вы мне гарантыю вашай шчырасці: мая вам не патрабна.
— На прамое пытанне адкажу прама, — сказаў Фальтэр.
— У такім выпадку дазвольце біць у лоб. Мы папросім вашых сваякоў на хвілінку выйсці, і вы скажаце мне літаральна тое, што сказалі італьянскаму лекару.
— Вось табе і на, — прамовіў Фальтэр.
— Вы не можаце мне адмовіць у гэтым. Па-першае, я ад вашага паведамлення не памру, — гарантую; вы не звяртайце ўвагі на тое, што ў мяне стомлены і нягеглы выгляд, сіл знойду дастаткова. Па-другое, я абяцаю трымаць вашу таямніцу пры сабе і нават, калі хочаце, застрэліцца адразу ж пасля вашага паведамлення. Бачыце, я дапускаю, што мая балбатлівасць вам больш непрыемная, чым мая смерць. Ну як, згодны?
— Рашуча адмаўляюся, — адказаў Фальтэр і скінуў кнігу, якая замінала яму абаперціся на столік.
— Дзеля таго, каб неяк пачаць размову, я часова кіну змагацца з вашай адмовай. Пачнем жа з яйка. Дык вось, Фальтэр, вам адкрылася сутнасць рэчаў.
— І пасля гэтага — кропка, — уставіў Фальтэр.
— Згодны: вы мне яе не скажаце; і ўсё ж я раблю дзве важных высновы: у рэчаў ёсць сутнасць, і гэтая сутнасць можа адкрыцца розуму.
Фальтэр ўсміхнуўся:
— Толькі не называйце гэта высновамі, сіньёр. Гэта так — паўстанкі. Лагічныя развагі вельмі зручныя пры невялікіх адлегласцях, як шляхі разумовага паведамлення, але круглявасць зямлі, нажаль, адлюстравана і ў логіцы: пры ідэальна паслядоўным руху думак вы вернецеся да пачатковага пункту… з усведамленнем геніяльнай прастаты, з прыемным пачуццём, што абнялі ісціну, між тым як абнялі толькі самога сябе. Навошта ж кідацца ў дарогу? Абмяжуйцеся гэтым становішчам — адкрылася сутнасць рэчаў, — але і тут вамі ўжо зроблена памылка; растлумачыць яе вам я не магу, бо найменшы намёк на тлумачэнне ўжо быў бы пробліскам. Пры нерухомасці становішча памылка непрыкметная. Але ўсё, што вы клічаце высновай, ужо выкрывае загану: развіццё фатальным чынам становіцца скруткам.
— Добра, пакуль задаволюся гэтым. Цяпер дазвольце наступнае пытанне. Навукоўца правярае гіпотэзу выкладкай і выпрабаваннем, мімікрыяй праўды і яе пантамімай. Такая праўдападобнасць заражае іншых, і гіпотэза лічыцца сапраўдным тлумачэннем дадзенай з’явы, пакуль хто-небудзь не знойдзе ў ёй хібы. Калі не памыляюся, уся навука складаецца з такіх апальных ці адстаўных думак: але ж кожная калісьці хадзіла ў чынах; засталася слава альбо пенсія. У вашым жа выпадку, Фальтэр, я падазраю, што вы знайшлі нейкі іншы метад пошуку і праверкі. Ці можна назваць яго — адкрыццём?
— Нельга, — сказаў Фальтэр.
— Пачакайце. Мяне зараз цікавіць не столькі спосаб адкрыцця, колькі ваша ўпэўненасць у праўдзівасці знаходкі. Інакш кажучы, альбо ў вас ёсць спосаб праверыць знаходку, альбо ісціна ўжо закладзена ў ёй.
— Разумееце, — адказваў Фальтэр, — у Індакітаі пры розыгрышы латарэі нумары выцягвае малпа. Падобнай малпай стаў я. Вось вам іншы вобраз: у краіне сумленных людзей ля берага быў прышвартаваны човен, які нікому не належаў; і ніхто не ведаў, што ён нікому не належыць; але ж уяўная прыналежнасць камусьці рабіла яго нябачным для ўсіх. І я выпадкова сеў у гэты човен. Але, магчыма, прасцей за ўсё будзе, калі я скажу, што ў хвіліну гуллівасці, не абавязкова матэматычнай, — матэматыка, папярэджваю вас, ёсць толькі вечная чахарда на ўласных плячах пры сваім размнажэнні, — я камбінаваў розныя думкі, ну і вось, скамбінаваў і выбухнуў, як Бертольд Шварц. Я выжыў; магчыма, на маім месцы выжыў бы і іншы. Але пасля выпадку з тым цудоўным італьянскім лекарам у мяне няма ні найменшага жадання зноў важдацца з паліцыяй.
— Ваш маналог становіцца спякотным, Фальтэр. Але ж вернемся да галоўнага: якая канкрэтна прыкмета кажа вам, што гэта ёсць ісціна? Малпа жэрабя не цягне.
— Ісцін, ценяў ісцін, — сказаў Фальтэр, — у свеце так мала, — у сэнсе відаў, а не асобін, зразумела, — а тыя, што ёсць у наяўнасці, такія нікчэмныя ці засмечаныя, што… як бы сказаць… аддача пры распазнанні ісціны, імгненны водгук усёй істоты — з’ява мала знаёмая і мала вывучаная. Ну, яшчэ там у дзяцей… калі дзіця прачынаецца альбо прыходзіць у сябе пасля шкарлятыны… з’яўляецца электрычны разрад рэчаіснасці, параўнальнай, вядома, рэчаіснасці, іншай у нас няма. Вазьміце любы труізм, труп параўнальнай ісціны. Разбярыцеся цяпер у фізічных адчуваннях, якія выклікаюць у вас словы: чорнае цямней за карычневае, ці — лёд халодны. Думка ваша лянуецца нават прыўстаць, як быццам бы ўсё той жа настаўнік разоў сто за адзін урок уваходзіць і выходзіць з вашага класа. Калі я быў малым, то аднойчы лізнуў бліскучы замок брамкі ў моцны мароз. Пакінем у баку фізічны боль альбо гонар уласнага адкрыцця — не яны ёсць сапраўдная рэакцыя на ісціну. Бачыце, гэтае пачуццё такое неспазнанае, што для яго нават нельга знайсці дакладнага слова… Усе нервы разам адказваюць «так»… нібыта. Адкінем і здзіўленне як усяго толькі нязвыкласць засваення прадмета ісціны, а не яе самой. Калі вы мне скажаце, што хтосьці злодзей, то я неадкладна ўбачу ў розуме ўсе тыя раптам адкрытыя дробязі, якія сам назіраў, і ўсё ж такі паспею здзівіцца таму, што прыстойны чалавек насамрэч ашуканец, але ісціна ўжо непрыкметна выпіта мною, таму маё здзіўленне адразу прымае адваротны вобраз: як такога яўнага махляра можна было лічыць сумленным; інакш кажучы, адчувальная кропка ісціны ляжыць дзесьці на паўдарогі паміж першым здзіўленнем і другім.
— Так. Усё гэта здаецца даволі зразумелым.
— Здзіўленне ж, даведзенае да ўзрушаючых, няўяўных памераў, — працягваў Фальтэр, — можа быць вельмі балючым, і ўсё ж яно нішто ў параўнанні з самім ударам ісціны. І гэтага ўжо не «увабраць». Яна не забіла мяне выпадкова — гэтак жа выпадкова, як і грымнула ў мяне. Сумняваюся, што пры такой сіле адчуванняў можна было б думаць пра іх праверку. Але ж пост-фактум такая праверка можа быць ажыццёўлена, хаця ў яе механіцы асабіста я не маю патрэбы. Уявіце сабе любую мімаходную праўду, напрыклад, што два куты, роўныя трэцяму, — роўныя і паміж сабой; ці ёсць у гэтым сцвярджэнні тое, што лёд гарачы, а ў Канадзе ляжаць камяні? Інакш кажучы, дадзеная ісцінка ніякіх другіх ісцінак не змяшчае, а тым больш такіх, якія б належалі да іншых пародаў і плоскасцяў альбо думак. Што ж вы скажаце пра ісціну, якая заключае ў сабе тлумачэнне і доказ усіх магчымых разумовых сцвярджэнняў? Можна верыць у паэзію палявой кветкі ці ў сілу грошай, але ні тое ні другое не прадвызначае веру ў гамеапатыю альбо ў неабходнасць знішчаць антылоп на астраўках возера Вікторыі Н’янджы; аднак пазнаўшы тое, што пазнаў я — калі гэта можна назваць пазнаваннем, — я атрымаў ключ да ўсіх дзвярэй і шкатулак у свеце, толькі няма патрэбы ўжываць гэты ключ, раз усялякая думка аб яго прыкладным значэнні ўжо сама па сабе пераходзіць ва ўсю серыю адкаркаваных накрывак. Я магу сумнявацца ў сваёй фізічнай здольнасці ўявіць да канца ўсе наступствы майго адкрыцця, сумнявацца, у якой ступені я яшчэ не з’ехаў з глузду, ці, наадварот, як далёка я пакінуў за сабой усё, што лічыцца вар’яцтвам, — але я не магу сумнявацца ў тым, што мне, як вы выказаліся, «адкрылася сутнасць». Вады, калі ласка.
— Вось вам вада. Але ж дазвольце, Фальтэр, ці правільна я вас зразумеў? Няўжо вы цяпер кандыдат усёведання? Выбачайце, не адчуваю гэтага. Дапускаю, што вы ведаеце нешта галоўнае, але ў вашых словах няма канкрэтных прыкмет абсалютнай мудрасці.
— Эканомлю сілы, — сказаў Фальтэр. — Ды я ж і не сцвярджаў, што цяпер ведаю ўсё, — напрыклад, арабскую мову, або колькі разоў у жыцці вы галіліся, ці хто набіраў радкі вунь у той газеце, якую чытае мой дурань-зяць. Я толькі кажу, што ведаю ўсё, што мог бы ведаць. Тое ж самае можа сказаць кожны, прагартаўшы энцыклапедыю, ці не праўда?, але толькі энцыклапедыя, дакладная назва якой мне адкрылася (вось, між іншым, даю вам больш трапны тэрмін: я ведаю назвы рэчаў), сапраўды ўсёабдымная — і вось у гэтым розніца паміж мною і самым дасведчаным чалавекам на зямлі. Разумееце, я пазнаў — і тут я вас падводжу да самага краю італьянскай прорвы, дамы не глядзіце, я пазнаў адну вельмі простую рэч у адносінах да свету. Сама па сабе яна такая ясная, такая пацешна ясная, што толькі мая няшчасная чалавечая прырода можа палічыць яе жахлівай. Калі я зараз скажу «адпавядае», то пад адпаведнасцю буду разумець нешта бясконца далёкае ад усіх вядомых вам адпаведнасцяў, гэтак жа прырода майго адкрыцця не мае нічога агульнага з прыродай фізічных альбо філасофскіх здагадак: дык вось, тое галоўнае ўва мне, што адпавядае галоўнаму ў свеце, не звязана з цялесным трапятаннем, разбіўшым мяне. Магчымае веданне ўсіх рэчаў, якое вынікае з ведання галоўнай, не валодае ўва мне досыць трывалым апаратам. І я толькі высілкам волі прывучаю сябе не выходзіць з клеткі і трымацца за правілы вашага мыслення, нібы нічога не здарылася, я раблю, як бядняк, што займеў мільён, але працягвае жыць у склепе, бо ён ведае, што найменшай саступкай у бок раскошы ён загубіць сваю печань.
— Але скарб ёсць у вас, Фальтэр, — вось што пакутліва. Пакінем жа разважанні пра ваша стаўленне да яго і пагамонім аб ім самім. Паўтараю, вашу адмову даць мне зірнуць на медузу ісціны я прыняў, акрамя таго, я гатовы не рабіць нават самых відавочных заключэнняў, бо, як вы намякаеце, усялякая лагічная выснова ёсць думка ў самой сабе. Прапаную вам іншы метад пытанняў і адказаў: я не стану дапытвацца ў вас пра склад вашага скарбу, але ж вы не выдадзіце яго таямніцы, калі скажаце мне — ён ляжыць на Ўсходзе ці на Захадзе, альбо ці ёсць у ім хоць адзін тапаз, альбо ці прайшоў хоць адзін чалавек побач з ім. Пры гэтым, калі вы адкажаце на любое з маіх пытанняў сцвярджальна ці адмоўна, я не толькі абавязваюся не ісці ў той бок, але, і наогул, абяцаю спыніць размову.
— Тэарэтычна вы завабліваеце мяне ў грубую пастку, — сказаў Фальтэр і злёгку затросся, нібы смеючыся. — Але ж практычна яна можа быць пасткай, толькі калі вы здолееце задаць мне хоць адно пытанне, на якое я мог бы адказаць простым «так» альбо «не». А такіх шанцаў вельмі мала. Таму, калі вам падабаецца пустая забава, — працягвайце.
Я падумаў і сказаў:
— Дазвольце мне, Фальтэр, пачаць так, як пачынае традыцыйны турыст — з агляду старадаўняй царквы, вядомай яму па здымках. Дазвольце мне запытацца: ці існуе Бог?
— Холадна, — сказаў Фальтэр.
Я не зразумеў і перапытаў.
— Стоп, — агрызнуўся Фальтэр. — Я сказаў «холадна», як у гульні, дзе патрабуецца знайсці схаваны прадмет. Калі вы шукаеце пад крэслам ці пад ценем крэсла, і прадмета там быць не можа, бо ён проста ў іншым месцы, то крэсла альбо яго цень для гульні ўжо не пратрэбны. А сказаць — верагодна, крэсла існуе, але прадмет не пад ім — гэта ўсё роўна, што сказаць — магчыма, прадмет пад ім, але крэсла не існуе; вы зноў трапілі ў любімы чалавечай думкай круг.
— Але пагадзіцеся, Фальтэр, калі вы кажаце, што пошук не знаходзіцца ў суседстве з паняццем Бога, а пошук, па вашай тэрміналогіі, ёсць «галоўнае», то такім чынам паняцце Бога не галоўнае, а калі так, то няма і галоўнай неабходнасці ў гэтым паняцці, а раз няма патрэбы ў Боге, то і Бога няма.
— Значыць, вы не зразумелі маіх слоў пра суадносіны паміж магчымым месцам і немагчымасцю знаходжання ў ім прадмета. Добра, скажу вам больш зразумела. Вы згадалі пра дадзенае паняцце і паставілі сябе ў становішча таямніцы, нібы следапыт схаваўся сам. Вы вельмі ўпарты ў сваім пытанні і не толькі самі хаваецеся, але яшчэ і верыце, што, падзяляючы з шуканым прадметам уласцівасць «схаванасці», вы набліжаеце яго да сябе. Як я магу вам адказаць, ці ёсць Бог, калі гаворка, магчыма, ідзе аб салодкім гарошку ці футбольных сцяжках? Вы не там і не так шукаеце, шэр мэсье, — вось усё, што я магу вам адказаць. А калі вам здаецца, што з гэтага адказу можна зрабіць найменшую выснову аб непатрэбнасці ці патрэбнасці Бога, то так атрымліваецца менавіта таму, што вы не там і не так шукаеце. А вы ж абяцалі мне, што не будзеце думаць лагічна.
— Зараз і я вас злаўлю, Фальтэр. Паглядзім, як вы зможаце пазбегнуць прамога сцвярджэння. Дык вось, мы прыйшлі да высновы, што нельга шукаць загаловак свету ў іерогліфах боства?
— Прабачце, — адказаў Фальтэр, — З дапамогай квяцістага склада і граматычнага трука вы проста грыміруеце адмаўленне пад чаканае «так». Я зараз толькі адмаўляю. Я адмаўляю мэтазгоднасць пошуку ісціны ў галіне агульнапрынятай тэалогіі, — і, каб пазбегнуць лішняй працы з боку вашай думкі, спяшаюся дадаць, што выкарыстаны мною эпітэт ёсць тупік. Не лезьце туды. Я спыню размову па прычыне адсутнасці суразмоўцы, калі вы ўсклікнеце: «Ага, ёсць іншая ісціна!» — бо гэта будзе значыць, што вы так добра сябе схавалі, што і страцілі сябе.
— Добра. Паверу вам. Дапусцім, што тэалогія засмечвае пытанне. Так, Фальтэр?
— Пані даслала сто рублёў, — сказаў Фальтэр.
— Добра, пакінем і гэты памылковы шлях. Хаця, верагодна, вы маглі бы мне патлумачыць, чаму менавіта ён няправільны (бо тут ёсць нешта дзіўнае, няўлоўнае, што прымушае вас злавацца), і тады б я зразумеў ваша нежаданне адказваць.
— Мог бы, — сказаў Фальтэр, — але гэта б адпавядала раскрыццю сутнасці, як раз таму, чаго вы ад мяне не даможацеся.
— І зноў паўтор, Фальтэр. Няўжо вы будзеце гэтак жа выкручвацца, калі я, напрыклад, спытаю, ці можна разлічваць на замагільнае жыццё?
— Вам гэта вельмі цікава?
— Гэтак жа, як і вам, Фальтэр. Што б вы ні ведалі пра смерць, мы абодва людзі смяротныя.
— Па-першае, — сказаў Фальтэр, — звярніце ўвагу на наступную цікавую каверзу; усялякі чалавек смяротны; вы (ці я) — чалавек; значыць, вы, магчыма, і не смяротны. Чаму? Ды таму што абраны чалавек тым самым ужо перастае быць усялякім. Тым не меней мы з вамі ўсё ж такі смяротныя, але я смяротны не так, як вы.
— Не дабівайце маю бедную логіку, а адкажыце мне проста, ці ёсць хоць падабенства асобы за магілай, ці ўсё заканчваецца ідэальнай цемрай?
— Bon6 — сказаў Фальтэр, як іншы раз кажуць рускія ў Францыі. — Вы хочаце ведаць, ці вечна спадар Сінеусаў будзе знаходзіцца ва ўтульнасці спадара Сінеусава, альбо ўсё раптам знікне? Тут ёсць дзве думкі, так? Перманентнае асвятленне і чорная лухта. Больш таго, нягледзячы на рознасць метафізічнай масці, яны надзвычай падобныя адна на адну. Пры гэтым рухаюцца паралельна і нават вельмі хутка. Няхай жыве таталізатар! У-цю-цю, глядзіце ў бінокль, думкі ўжо бягуць навыперадкі, і вы вельмі хацелі б ведаць, якая прыбяжыць першай да слупа ісціны, вы патрабуеце ад мяне адказу «так» ці «не» на любую з іх і хочаце, каб я злавіў за каўнер адну на ўсім яе бягу, — а каўнер у чарцей слізкі, — але ж калі б я для вас адну з іх і перахапіў, то проста перапыніў бы спаборніцтва, альбо да фінішу дабегла б іншая думка, не аблапленая мною, у чым ужо не было б ніякага сэнсу па прычыне спынення суперніцтва. Калі ж вы спытаеце мяне, якая з дзвюх бяжыць хутчэй, то я адкажу вам пытаннем на пытанне: што хутчэй бяжыць — моцнае жаданне ці моцная боязь?
— Мяркую, што аднолькава.
— У тым вось і справа. Бо як жа атрымліваецца ў развазе чалавечка, — альбо ніяк нельга выказаць тое, што чакае вас, нас, пасля смерці, і тады поўны замагільны змрок выключаецца, бо ён жа цалкам даступны нашаму ўяўленню, таму што кожны з нас ведае поўную цемру моцнага сну; альбо, наадварот, — уявіць сабе смерць можна, і тады розум натуральна выбірае не вечнае жыццё пасля яе, а нешта само па сабе невядомае, ні з чым зямным не параўнальнае, але найбольш верагоднае — знаёмую цемру сну. Бо чалавек, які давярае свайму розуму, не можа дапусціць, што нехта — памёршы ў дужым сне ад выпадковай знешняй прычыны, гэта значыць страціўшы жыццё, якім у сутнасці ўжо не валодаў — набывае здольнасць ізноў думаць і адчуваць дзякуючы прадаўжэнню, сцвярджэнню і ўдасканаленню яго сонна-змрочнага стану. Таму, калі б вы ў мяне спыталі нават толькі адно — ці вядома мне тое, што знаходзіцца за смерцю (гэта значыць паспрабавалі бы прадухіліць асуджанае на недарэчнасць спаборніцтва двух процілеглых, але ў сутнасці аднолькавых уяўленняў), то з майго адмаўлення вы б лагічна вывелі, што ваша жыццё не можа скончыцца цёмным небыццём, а з майго сцвярджэння вывелі б заключэнне адваротнае. Такім чынам, маё сухое «не» даказала б вам, што я не больш за вас ведаю дадзены прадмет і думаць аб ім няма сэнсу, а вільготнае «так» прапанавала б вам прыняць існаванне міжнародных нябёсаў, у якіх ваш розум не можа не сумнявацца.
— Вы проста ўхіляецеся ад прамога адказу, але дазвольце мне ўсё ж такі заўважыць, што ў размове пра смерць вы не адказваеце мне: холадна.
— Вось вы зноў, — уздыхнуў Фальтэр. — Я ж вам толькі што патлумачыў, што кожная выснова ідзе за крывізной мыслення. Па зямных мерках яна правільная, пакуль вы застаецеся ў галіне зямных велічынь, але ж калі вы спрабуеце прайсці далей, то памылка расце з кожным крокам. Больш таго: ваш розум успрыме ўсякі адказ выключна з прыкладнога пункту гледжання, бо інакш чым у вобразе ўласнага крыжа ўявіць смерць вы не можаце, а гэта ў сваю чаргу так перакруціць сэнс майго адказу, што ён тым самым стане хлуснёй. Давайце ж заставацца паслядоўнымі і ў трансцэндэнтным. Больш ясна выказацца не магу — і скажыце мне дзякуй за гэтае маё ўвільванне. Я мяркую, вы здагадаліся, што тут ёсць адна загваздка ў самой пастаноўцы пытання, загваздка, якая, дарэчы, страшней за сам страх смерці. Ён у вас, відаць, асабліва моцны, ці не так?
— Так, Фальтэр. Жах, які я адчуваю, думаючы пра сваю будучую цемру, роўны толькі агідзе перад абстрактным тленам майго цела.
— Добра сказана. Верагодна, у вас ёсць і іншыя сімптомы гэтай падлунной хваробы? Тупы ўкол у сэрца, раптам сярод ночы, як мільганне дзікай жывёліны паміж хатніх пачуццяў і ручных думак: і я калі-небудзь… Такое бывае ў вас? Нянавісць да свету, які будзе вельмі бадзёра працягвацца без вас… Карэннае адчуванне, што ўсё ў свеце — дробязі і прывіды ў параўнанні з вашай перадсмяротнай пакутай, а значыць, і з вашым жыццём, бо, кажаце вы сабе, жыццё і ёсць перадсмяротная пакута… Так, так, я цалкам уяўляю хваробу, ад якой вы ўсе пакутуеце ў той ці іншай ступені, і магу сказаць адно: не разумею, як людзі могуць жыць у такіх умовах.
— Ну вось, Фальтэр, мы, здаецца, дамовіліся. Атрымліваецца, калі я ў хвіліны шчасця, захаплення, агалення душы раптам адчуваю, што небыцця пасля смерці няма, што ў замкнёным пакоі дому, з-пад дзвярэй якога дзьме сцюжай, рыхтуецца шматвокае ззянне дзяцінства і піраміда ўцех; калі я адчуваю жыццё, радзіму, вясну, гук крынічнай вады ці мілага голасу (усё зараз толькі блытаная прадмова, а галоўнае наперадзе), то гэта значыць, што можна жыць, Фальтэр, можна жыць, — скажыце мне, што можна, і я больш нічога ў вас не спытаю.
— У такім выпадку, — сказаў Фальтэр і зноў затросся, — я яшчэ меней разумею. Пераскочце прадмову, — і ўсё ў парадку!
— Un bon mouvement7, Фальтэр, адкрыйце мне вашу таямніцу.
— Гэта што ж, вы хочаце ўзяць мяне знянацку? Які ж вы хітрун. Не, пра тое не можа быць і слова. Спачатку… Так, спачатку мне здавалася, што можна паспрабаваць… падзяліцца. Дарослы чалавек, калі ён не такі бык, як я, не вытрымлівае маёй таямніцы, аднак, думалася мне, мабыць, варта выхаваць новае пакаленне дасведчаных, звярнуўшыся да дзяцей. Як бачыце, я не адразу справіўся з заразай мясцовай дыялектыкі. Але ж насамрэч, што б атрымалася? Па-першае, наўрад ці мажліва звязаць рабят абавязкам жрэцкага маўчання такім чынам, каб ні адзін з іх сваім летуценным словам не здзейсніў забойства. Па-другое, як толькі дзіця разаўецца, адкрытае яму калісьці, прынятае ім на веру і ўжо спячае на задворках свядомасці — раптам здрыганецца і прачнецца з трагічнымі наступствамі. Калі мая таямніца і не заўжды б’е мацёрага сапіенса, то ніякага юнака яна, вядома, не пашкадуе. Бо ўсім знаёмы той час жыцця, калі ўсякая ўсячына — зорнае неба ў Есентуках, кніга, прачытаная ў клазеце, уласныя здагадкі аб свеце, салодкі жах саліпсізму — і так даводзіць маладую чалавечую асобіну да ашалеласці ўсіх пачуццяў. Станавіцца катам я не хачу, знішчаць варожыя палкі праз мегафон не збіраюся… Адным словам, даверыцца мне няма каму.
— Я задаў вам два пытанні, Фальтэр, і вы двойчы даказалі мне немагчымасць адказу. Мне здаецца, было б марна пытацца ў вас пра што-небудзь яшчэ, напрыклад, аб межах светабудовы ці аб паходжанні жыцця. Вы мне прапанавалі б, верагодна, задаволіцца стракатай хвілінай на другараднай планеце пад другарадным сонцам, альбо зноў бы ўсё збілі ў кучу загадкі: ці гетэралагічнае само слова «гетэралагічнае».
— Верагодна, — пацвердзіў Фальтэр і працяжна пазяхнуў. Яго зяць ціхенька зачэрпнуў гадзіннік з камізэлькі і пераглянуўся з жонкай.
— Але ж вось што дзіўна, Фальтэр. Як сумяшчаецца ў вас звышчалавечае веданне сутнасці са спрытам вулічнага сафіста-невука? Прызнайцеся, усе вашы бязглуздыя адводы з’яўляюцца вытанчаным выскаляннем.
— Гэта мая адзіная ахова, — сказаў Фальтэр і коса зірнуў на сястру, што спрытна выцягвала доўгі шарсцяны шалік з рукава паліто, якое ўжо падаваў ёй зяць. — Інакш, ведаеце, вы б дамагліся… Зрэшты, — дадаў ён, не той, а потым той рукой залазячы ў рукаў і адначасова адсоўваючыся ад дапамогі сваякоў, — зрэшты, калі я трошкі і паздзекаваўся над вамі, то магу вас суцешыць: сярод усялякай хлусні я выпадкова прагаварыўся, — усяго два-тры словы, аднак у іх прамільгнуў краёчак ісціны, — але ж вы, на шчасце, нічога не заўважылі.
Яго вывелі, і тым скончыўся наш даволі-такі д’ябальскі дыялог. Фальтэр не толькі нічога мне не сказаў, але нават не даў падступіцца да ісціны, і, верагодна, яго апошняе слова было такім жа здзекам, як і ўсе папярэднія. На другі дзень сумны голас яго зяця паведаміў мне па тэлефоне, што за візіт Фальтэр бярэ сто франкаў; я спытаў, чаму, уласна кажучы, мяне не папярэдзілі пра гэта, і ён адразу адказаў, што, у выпадку паўтарэння сеансу, дзве размовы мне абыдуцца ўсяго ў 150. Купля ісціны, нават са зніжкай, мяне не вабіла і, даслаўшы яму свой нечаканы доўг, я прымусіў сябе больш не думаць пра Фальтэра. Але ўчора… так, учора, я атрымаў ад яго запіску — са шпіталя: піша, што ў аўторак дакладна памрэ, і на развітанне вырашыў паведаміць мне, што… тут ідуць два радкі і яны старанна, нібы іранічна закрэсленыя. Я адказаў, што дзякую яго за ўвагу і жадаю яму цікавых замагільных уражанняў і прыемнага правядзення вечнасці.
Але ўсё гэта не набліжае мяне да цябе, мой анёл. На ўсялякі выпадак трымаю вокны і дзверы жыцця адчыненымі, хоць і адчуваю, што ты не апусцішся да старадаўніх прыёмаў з прывідамі. Страшней за ўсё думка, што, паколькі цяпер ты ззяеш ува мне, я павінен берагчы сваё жыццё. Мой тленны склад — адзіны, магчыма, гарант твайго ідэальнага быцця: калі я сканаю, яно скончыцца таксама. Нажаль, я павінен з жабрацкім запалам карыстацца зямной прыродай, каб сабе самому дагаварыць цябе, а затым даверыцца свайму шматкроп’ю…
Парыж, 1939 г.
__________________________________________
1 Далёкі Край.
2 Доктар, вы цалкам упэўнены ў тым, што навуке не вядомы такія выключныя выпадкі, калі дзіця нараджаецца ў памерлай? (фр.)
3 Мэсье Паон, гаспадар гасцініцы. (фр.)
4 Пра Фальтэра-бацьку. (фр.)
5 Эскізам. (фр.)
6 Добра. (фр.)
7 Будзьце ласкавы. (фр.)
Спасибо за то, что читаете Текстуру! Приглашаем вас подписаться на нашу рассылку. Новые публикации, свежие новости, приглашения на мероприятия (в том числе закрытые), а также кое-что, о чем мы не говорим широкой публике, — только в рассылке портала Textura!